Вход
Таццяна Валавая на дыскусійнай панэлі ПМЭФ «Змяненне інвестыцыйнага клімату на постсавецкай прасторы як вынік інтэграцыйных працэсаў»

Таццяна Валавая на дыскусійнай панэлі ПМЭФ «Змяненне інвестыцыйнага клімату на постсавецкай прасторы як вынік інтэграцыйных працэсаў»

22.08.2012
Мадэратар: Старшыня Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Сяргей Нарышкін


Пытанне Сяргея Нарышкіна Т. Валавой: Таццяна Дзмітрыеўна, як я ўжо сказаў, у апошнія гады працэсы інтэграцыі на постсавецкай прасторы ідуць вельмі інтэнсіўна, асабліва ў сферы эканомікі. І асабіста я за такі, можа быць, пераломны пункт бяру падзеі восені 2007 года, калі ў Душанбэ прэзідэнты трох краін падпісалі базавыя ключавыя пагадненні аб фарміраванні Мытнага саюза. Як за гэты час змянілася макраэканамічная сітуацыя ў краінах постсавецкай прасторы і як тыя падзеі інтэграцыйнага характару ўплываюць на развіццё макраэканамічнай сітуацыі?

– Дзякуй, Сяргей Яўгеньевіч. Але спачатку я адкрыю тайну, што ў той момант Сяргей Яўгеньевіч актыўна ўдзельнічаў у працэсе падпісання гэтых пагадненняў, і мне здаецца, што вельмі добра, што сённяшнюю сесію ўзначальвае менавіта ён, і не проста як Старшыня Дзяржаўнай Думы, а як чалавек, які ва Урадзе РФ у ключавы і складаны перыяд адказваў за інтэграцыйныя працэсы. Дзякуючы яму і той працы, якая пад яго кіраўніцтвам была праведзена, удалося сфарміраваць тую базу, якая ў 2007 годзе прывяла да першых прарыўных пагадненняў.

Мне здаецца, што гэта паклала пачатак, але я яшчэ не ведаю, як бы далей развіваліся падзеі, паколькі ў нас заўсёды вопыт інтэграцыі дастаткова пакручасты – крок наперад, два крокі назад. Мы спачатку прымаем нейкія сур’ёзныя рашэнні, а затым пачынаюцца нейкія асцярогі, а ці не забеглі мы наперад? Можа, трэба было рабіць гэта неяк акуратней? Ці не аддаём мы суверэнітэту і г.д. І вось у выпадку з рашэннямі 2007 года гэтага не адбылося. І, на маю думку, нам патрэбна падзякаваць таму самаму глабальнаму фінансаваму крызісу, які затым пасля гэтых рашэнняў абрынуўся на ўсю планету. Таму што ў перыяд гэтага глабальнага крызісу ўсе дзяржавы на еўразійскай прасторы пачалі шукаць таксама, як і ўсе дзяржавы свету, шляхі мінімізаваць наступствы гэтага крызісу, знайсці нейкія дадатковыя стымулы росту. І, я думаю, зусім натуральна, што краіны будучага МС убачылі гэтыя шляхі на шляхах паглыблення інтэграцыі. Нарматыўна-прававая база была ў гэты перыяд практычна закладзена, заставалася яе толькі дашліфаваць, падпісаць неабходныя пагадненні, і таму крызіс стаў у значнай ступені бабкай-павітухай нашых інтэграцыйных працэсаў.

Далей у нас развіваецца іншая гісторыя. Інтэграцыйны працэс, раз пачаўшыся, атрымлівае ўласную дынаміку, і ён, развіваючыся, патрабуе інтэгравацца далей і далей, таму што калі гэты працэс не адбываецца, то адбываюцца крызісы. Дарэчы, тое, што адбываецца ў Еўропе, з’яўляецца праяўленнем таго, як нейкае замаруджванне інтэграцыйных працэсаў і адставанне ў прыняцці важных інтэграцыйных рашэнняў можа сказацца рэзкімі крызісамі. І вельмі прыемна тое, што ў гэтыя дні, калі праходзіць Форум, нашы еўрапейскія калегі гаварылі пра тое, што шляхі выхаду з сённяшняй сітуацыі яны бачаць не ў адступленні ад інтэграцыі, наадварот, у руху наперад у бок і больш цеснай фіскальнай інтэграцыі, падатковага саюза і г.д. Таму вось сапраўды адбыўся 2008 год, і пачаўся крызіс, і практычна адначасова пайшоў працэс інтэграцыі. Як ацэньваць яго макраэканамічныя паказчыкі. Калі б не было крызісу, ацэньваць было б значна лягчэй. Мы б тады бачылі абсалютна выразную карціну ў аднолькавых знешніх параметрах, але знешнія параметры іншыя, таму, калі б не было крызісу, аб’ём гандлю ў нас рос бы не на 30%, а істотна больш. Але прывяду вось такую рэч, дзе мы выразна адчулі змяненне ўмоў у выніку МС, тэмпы ўзаемнага гандлю Беларусі і Казахстана растуць істотна вышэй, чым тэмпы ўзаемнага гандлю Расіі і Казахстана і Расіі і Беларусі адпаведна. Расія знаходзіцца ў цэнтры гэтага інтэграцыйнага аб’яднання, яна мае вельмі сур’ёзныя сувязі і з Беларуссю, і з Казахстанам, але МС змяніў гэтую дынаміку, і ўжо дзве дзяржавы – Беларусь і Казахстан – пачынаюць шчыльней інтэгравацца. Гэта выразны вынік МС і АЭП.

Другі прыклад – прыцягненне замежных інвестыцый. Тут ёсць выключна канкрэтныя статыстычныя даныя. Калі мы возьмем іх, то, напрыклад, у 2009 годзе – першы посткрызісны год. Замежныя інвестыцыі ў беларускую эканоміку складалі каля 5 млрд. долараў – істотны рост больш чым у два разы. У Расіі такі рост менш прыкметны – 36,5 млрд. долараў у 2009 годзе і каля 53 млрд. у 2011 годзе. Рост ёсць, але ён не такі яркі. У Казахстане ён пакуль знаходзіцца практычна на адным і тым жа ўзроўні, але я думаю, што гэта звязана з вынікамі і крызіснага ўздзеяння, і з тым, што аб’ём ужо прыцягнутых інвестыцый у Казахстане на парадак большы, чым у Беларусі. Гэта значыць, у 2009 годзе ў іх было 19 млрд. долараў, зараз дзесьці каля 20 млрд. долараў. Беларусь – вельмі яркі прыклад, гэта значыць, інвестыцыі сапраўды пайшлі ў гэтую дзяржаву. Чаму? Гэта прыклад павышэння інвестыцыйнай прывабнасці кожнага з членаў Саюза, таму што зараз інвестар, прыйшоўшы на тэрыторыю адной з нашых дзяржаў, разумее, што перад ім адчыняецца ўвесь рынак. І, укладваючы раней у эканоміку Беларусі ці Казахстана, інвестар разлічваў на рынак канкрэтнай дзяржавы, 5-10-15 млн. чалавек, або ён разлічвае на ўвесь рынак у 170 млн. чалавек. Гэта зусім розны парадак інвестыцый. І мы ўпэўнены ў тым, што якраз такія дзяржавы, як Беларусь і Казахстан, у плане інвестыцыйнай прывабнасці несумненна выйграюць. Іншыя інвестыцыйныя паказчыкі, якія вельмі важныя для нас. Вы ведаеце, што паводле ацэнак вядзення бізнесу нашы краіны не з’яўляюцца перадавікамі ў сусветных рэйтынгах, але, тым не менш, у нас вельмі істотныя адрозненні паміж трыма дзяржавамі. Калі мы бяром дзяржавы, то ў рэйтынгу «Doing business» па прастаце вядзення бізнесу ў мінулым годзе Казахстан знаходзіўся на 47-ым месцы, Беларусь знаходзілася на 69-ым месцы, а Расія – аж на 120-ым месцы. Велізарная розніца паміж трыма дзяржавамі. І вельмі добра, што, дзякуючы МС і АЭП, зараз нашы нацыянальныя юрысдыкцыі пачынаюць канкурыраваць паміж сабой за бізнес, таму што бізнес цяпер паступова атрымлівае магчымасць выбіраць тую краіну, дзе больш простыя ўмовы для бізнесу, дзе менш адміністрацыйных бар’ераў. І паколькі мы ў адносінах адзін да аднаго не можам ствараць ніякіх перашкод, то зразумела, нашы нацыянальныя адміністрацыі, ці то гэта мытні, ці то санітарныя або нейкія іншыя службы, будуць вымушаны браць лепшы прайс. Вось якраз выразны прыклад таго, дзе ў нас паляпшаецца інвестыцыйны клімат.

Нарэшце, заканчваючы, хацелася б сказаць пра тое, што мы разумеем, што нам неабходна зараз рабіць у гэты перыяд. Шмат гаворыцца пра тое, куды пойдзе еўразійская інтэграцыя далей, зразумела, што да 2015 года будзе Еўразійскі эканамічны саюз. Шмат гаворыцца пра тое, якую новую якасць саюз павінен набыць. Я лічу, што, безумоўна, патрэбна вельмі акуратна ставіцца да пытанняў каардынацыі ў валютнай сферы, тут сапраўды важна не спяшацца і не паўтараць чужых памылак. Але што нам выключна важна і неабходна ўзяць з еўрапейскага вопыту – гэта каардынацыя макраэканамічнай палітыкі. Прычым, не проста каардынацыя ў плане Маастрыхцкіх крытэрыяў. Калі еўрапейцы абмяркоўвалі, што такое макраэканамічная канвергенцыя, яны гаварылі, што намінальнай канвергенцыі па паказчыках валютнага курсу, інфляцыі і г.д. дастаткова для валютнага саюза. Многія эканамісты гаварылі: няправільна, патрэбна рэальная канвергенцыя, і аказалася, што яны мелі рацыю. І вось мы зараз, працуючы ў адным накірунку, будзем якраз глядзець на гэты вопыт. І самае апошняе, завяршальная рэмарка. Мне здаецца, добра, што з’яўляецца канкурэнцыя не толькі ўнутры самога будучага Еўразійскага эканамічнага саюза вось гэтых юрысдыкцый, але і фарміруецца побач з Еўрапейскім саюзам яшчэ адно магутнае інтэграцыйнае аб’яднанне. Таму што заўсёды добра, калі ёсць два аб’яднанні і можна ў кожнага вывучаць іх вопыт, браць нешта лепшае, вучыцца на чужых памылках. Дзесьці мы, безумоўна, бяром вопыт Еўрапейскага саюза, але ўжо нават зараз некаторыя рэчы мы робім хутчэй, чым нашы еўрапейскія калегі. Напрыклад, еўразійскія краіны стварылі свой антыкрызісны фонд, прынялі рашэнне яшчэ ў 2008 годзе, а ў 2009 годзе ён ужо запрацаваў, а адпаведны еўрапейскі фонд запрацаваў толькі ў 2010 годзе, хоць, увогуле, задачы тыя ж самыя. Таму мне здаецца, што абмен вопытам паміж інтэграцыйнымі аб’яднаннямі таксама дазволіць нам выкарыстоўваць яго для павышэння нашай інвестыцыйнай прывабнасці. Дзякуй!

Уладзімір Маа: Ці ёсць у планах інтэграцыйнага аб’яднання адзіная валюта?

– Вельмі добрае пытанне. Я думаю, што ў доўгатэрміновых планах кожнага інтэграцыйнага аб’яднання ўвядзенне адзінай валюты ёсць. У кароткатэрміновай перспектыве – канечне, няма. І я згодна з тымі, хто кажа, што спяшацца з гэтым не трэба, але я б зноў хацела сказаць, што ў гэтым няма нічога новага. Магчыма, прысутныя не ведаюць, што першая дата ўвядзення адзінай валюты ў ЕС – гэта зусім не 2000-ы год. У ЕС хацелі ўвесці адзіную валюту да 1980 года. У Савецкім Саюзе на гэты момант хацелі пабудаваць камунізм. Камунізм у СССР не пабудавалі, адзіную валюту да гэтага моманту ў ЕС таксама не ўвялі, а ўвялі праз 20 гадоў. Таму, безумоўна, у доўгатэрміновых планах, калі ў гэтым патрэбнасць будзе, гэтая тэма будзе абмяркоўвацца, але патрэбнасць павінна, па-першае, нарадзіцца з унутранай патрэбнасці, калі ўвядзенне адзінай валюты будзе зніжаць выдаткі для бізнесу, будзе садзейнічаць дадатковым эканамічным спрыяльным фактарам. І калі гэта сапраўды будзе гарманічнае кола дзяржаў... Вось на папярэдняй сесіі, калі Аляксей Леанідавіч Кудрын гаварыў пра тое, што «лепш, калі будзе менш еўра», сапраўды – лепш менш, але лепш. Але з другога боку павінны быць яшчэ і неабходныя знешнія фактары для таго, каб такая валюта была запатрабавана.