Вход
Інтэрв’ю Міністра па гандлі ЕЭК Андрэя Сляпнёва газеце «Расійская газета»: «Што «ВТО-м» партфелі?»

Інтэрв’ю Міністра па гандлі ЕЭК Андрэя Сляпнёва газеце «Расійская газета»: «Што «ВТО-м» партфелі?»

06.07.2012

Аб перспектывах і выкліках, якія адкрываюцца перад Расіяй, аб новых магчымасцях Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы ў эксклюзіўным інтэрв’ю «РГ» расказаў міністр па гандлі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Андрэй Сляпнёў.​


 
– Кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзій Анішчанка гаворыць, што ў сувязі з будучым уступленнем у СГА ёсць небяспека, што на расійскі рынак хлыне нізкаякасная кантрафактная прадукцыя. Перш за ўсё з Кітая. Як Вы гэта пракаментуеце?
 

 

Зараз у межах «тройкі» выбудоўваюцца механізмы, якія істотна зніжаюць рызыкі масавага ўвозу на тэрыторыю Саюза нізкаякаснай і кантрафактнай прадукцыі. З 17 чэрвеня ўведзена сістэма папярэдняга інфармавання пра грузы, якія дастаўляюцца аўтатранспартам.

Імпарцёры абавязаны прадастаўляць інфармацыю пра тавары, якія ўвозяцца, у электронным выглядзе не пазней, чым за дзве гадзіны да запланаванага перасячэння мяжы. Гэта дазволіць мытным службам зараней ацаніць рызыкі ўвозу канкрэтных тавараў. Для мытных службаў усіх трох дзяржаў будзе створана адзіная інфармацыйная база па грузах, якія перавозяцца. Такім чынам, імпарт аўтатранспартам, у тым ліку і з найбліжэйшых замежных портаў, стане больш празрыстым, а націск на законапаслухмяных імпарцёраў знізіцца.

 – Відавочна, што ўзмацнення кантролю недастаткова, калі не існуе зразумелых і выразных крытэрыяў «якасці» тавараў, якія імпартуюцца. Наша заканадаўства паводле патрабаванняў да бяспекі прадукцыі адпавядае міжнародным нормам, краіны Мытнага саюза выпрацоўваюць адзіныя тэхнічныя рэгламенты, яны ўжо ёсць на большасць відаў харчовых тавараў. Пры гэтым мытны кантроль не павінен замяняць працу кантралюючых службаў на ўнутраных рынках, іх працу з дыстрыбутарамі і кампаніямі рознічнага гандлю.  


 
– Гэта значыць, можна не хвалявацца?

– Няма рэальнай пагрозы раптоўнага рэзкага росту ўвозу кантрафактнай ці небяспечнай для здароўя прадукцыі ні з фарміраваннем Мытнага саюза, ні з далучэннем да СГА. Кіраванне такімі рызыкамі – гэта, па сутнасці, штодзённая праца мытных і кантрольных службаў.

І ўсё ж пасля далучэння да Сусветнай гандлёвай арганізацыі іх працу давядзецца весці па новых стандартах. Калі працягваць тэму абмежавання імпарту, то, згодна з правіламі СГА, важна дакладна вызначыць аб’ект забароны на ўвоз і падрабязна абгрунтаваць неабходнасць такіх санкцый. Скажам, нельга будзе абмежаваць увоз з Еўрасаюза ўсіх відаў мяса. Неабходна выразна ўказаць, на якія іменна віды прадукцыі гэта распаўсюджваецца, з якіх краін, з якіх прадпрыемстваў, і абгрунтаваць прэтэнзіі.

 

 
– А як краіны «тройкі» могуць абараняцца ў межах СГА – сумесна ці паасобку?
 

 

– У іх будуць усе магчымасці адстойваць свае інтарэсы, выкарыстоўваючы як рэсурсы і інструменты Мытнага саюза, так і Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Пры гэтым абарончыя меры будзе ўводзіць Еўразійская эканамічная камісія на ўсёй тэрыторыі Саюза. Іншыя меры краіны змогуць прымаць самастойна. Гэта будзе вельмі гнуткая пазіцыя, якая дазволіць мінімізаваць рызыкі ў сувязі з уступленнем у СГА.

Напрыклад, з пераліку мер, якія будуць выкарыстоўвацца на ўзроўні Саюза, магу назваць антыдэмпінгавыя расследаванні і ўвядзенне спецыяльных абарончых мер. Гэта дзейсны інструмент абароны ўласнага рынку. Але раней такімі расследаваннямі кожная краіна займалася сама, зараз іх праводзіць Еўразійская эканамічная камісія, а вынікі расследавання і адпаведныя абарончыя меры дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі Саюза. Нядаўна мы закончылі першае такое расследаванне па заканадаўстве Мытнага саюза. Яно датычылася дэмпінгавага імпарту палімернага праката з Кітая, зараз на гэты від прадукцыі з КНР накладзены істотныя пошліны. Попыт, які ўзнік, змогуць задаволіць вытворцы краін Саюза. А гэта – і захаванне працоўных месцаў, і падаткі.

 

 
– Раскажыце пра «кухню» Еўразійскай эканамічнай камісіі. Гэта своеасаблівы ўрад «тройкі», наднацыянальны орган. А як Вы прымаеце рашэнні, калі паміж краінамі ўзнікаюць супярэчнасці?
 

 

– У Калегію ўваходзяць дзевяць чалавек, па тры – ад кожнай краіны. Рашэнні звычайна прымаюцца кансэнсусам. Тэарэтычна некаторыя пытанні могуць быць прыняты дзвюма трэцямі галасоў, але на практыцы мы стараемся не ствараць такога прэцэдэнта і прымаць рашэнні толькі кансэнсусам.

Пры гэтым кожны член калегіі (міністр) з’яўляецца прадстаўніком не столькі краіны, колькі свайго блока працы: прамысловасці і сельскай гаспадаркі, фінансавых рынкаў, гандлю і г.д. І пры абмеркаванні пытанняў мае калегі часцей займаюць пазіцыі не па нацыянальных, а па прафесійных прыкметах.

Безумоўна, пры абмеркаванні комплексных і адчувальных пытанняў дыскусіі не проста непазбежныя, але і выключна неабходныя, каб прынятае рашэнне было жыццядзейнае і карыснае. У нас ёсць некалькі фарматаў працы, якія дазваляюць зняць супярэчнасці. Так, самыя прынцыповыя пытанні – тарыфы, пошліны па найбольш адчувальных таварах і галінах – абмяркоўваюцца на Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі, дзе кожная краіна выказвае сваю пазіцыю, а Савет спрабуе гэтыя пазіцыі зблізіць. Калі гэта не ўдаецца, пытанне выносіцца на суд прэм’ераў. Калі і ім не ўдаецца дасягнуць кампрамісу, шукаем наступных рашэнняў. Гэтым забяспечваецца глыбокая прапрацоўка і высокая якасць рашэнняў, якія прымаюцца ў выніку рашэнняў, рашэнні камісіі прызнаюць і выконваюць.

 

 

– Эксперты адзначаюць, што пакуль што найбольшыя выгады ад Мытнага саюза атрымала Беларусь. Гэта так?

 

 
– За мінулы год Беларусь павялічыла сваю долю ў расійскім і казахстанскім імпарце прыкладна на 15 працэнтаў. Расійскі бізнес паказаў найбольшы рост менавіта на расійска-казахстанскім напрамку. Так, частка Расіі ў імпарце Казахстана павялічылася на 30 працэнтаў як за кошт развіцця стратэгічных гандлёвых адносін, так і актыўнага прымежнага супрацоўніцтва, якое атрымала істотны імпульс да расшырэння. Дынаміка казахстанскага гандлю больш сціплая.
 

 

– Чым тлумачыцца такі рост экспарту тавараў з Беларусі?

 

 

– Беларускі экспарт больш дыверсіфікаваны і ў большай ступені арыентаваны на рынкі краін Саюза. У ім больш значную частку складае гатовая прамысловая прадукцыя. Акрамя таго, Мінск больш агрэсіўна прасоўвае свае тавары. Да таго ж, не варта забываць, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты Беларусі таксама павысіла канкурэнтаздольнасць іх прадукцыі і дапамагла павялічыць экспарт.

Але Расія таксама паказвае сур’ёзныя поспехі ў развіцці гандлю ўнутры Мытнага саюза. Дзякуючы інтэграцыі, рынак для нашых тавараў павялічыўся ўвогуле на 30 мільёнаў чалавек, прычым структура спажывання ў краінах-партнёрах падобная на расійскую. Павелічэнне ёмістасці рынку дае нам яшчэ адну перавагу – ён робіцца больш прывабным для інвестараў. Пры гэтым многія выбіраюць месцам сваёй дыслакацыі Расію як найбольш буйную эканоміку ўнутры гэтага аб’яднання. Ну, а ў цэлым, дзякуючы Мытнаму саюзу, больш устойлівую базу для сённяшняга і для будучага развіцця атрымліваюць усе краіны «тройкі».

 

 

– Шмат размоў аб «другой хвалі» крызісу. Які ўплыў яна зробіць на наша аб’яднанне?

 

 

– Вядома, крызіс – гэта глабальная з’ява, якая ўплывае на ўсіх. Але наш інтэграцыйны праект якраз можа быць адным з тых лекаў, якое дазваляе лягчэй перажываць такія шокі за кошт развіцця кааперацыі, дадатковай стабільнасці на рынку. Звужваюцца магчымасці для гандлю ў Еўропе, але расшыраюцца ўнутры нашага Саюза. Вялікі човен разгайдаць цяжэй. Я мяркую, што асцярога развіцця крызісу гаворыць на карысць далейшага паглыблення рэгіянальнай інтэграцыі.

 

 

– Мытны саюз будзе расшырацца? За кошт якіх краін?

 

 

– Пакуль што ёсць адна заяўка – ад Кіргізіі. Створана спецыяльная рабочая група для ўсебаковага аналізу наступстваў далучэння Кіргізіі да Мытнага саюза, наколькі хутка будзе ісці яе праца, залежыць ад мноства фактараў.

Мы павінны разумець, што эканомікі краін, рэгулятыўнае асяроддзе істотна адрозніваюцца. Гарманічнае і ўзаемавыгаднае аб’яднанне запатрабуе ад Кіргізіі пэўных крокаў. Патрэбна дакладна разумець усе рызыкі, якія могуць узнікнуць як для эканомік краін Мытнага саюза, так і для кіргізскай эканомікі. І калі гаварыць пра нашы найбліжэйшыя планы, то яны, напэўна, усё-такі звязаны з паглыбленнем інтэграцыі паміж краінамі Саюза.

Накірункі развіцця адзінай эканамічнай прасторы запраграмаваны ў нашых пагадненнях, па многіх ключавых момантах устаноўлены канкрэтныя тэрміны. Галоўная задача – фарміраванне да 1 студзеня 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза. Важная частка нашай працы – фарміраванне ў перспектыве адзінай усеабдымнай дамовы. Зараз неабходна прааналізаваць прынятыя рашэнні з улікам практычнага вопыту працы і зрабіць з іх несупярэчлівы комплексны дакумент накшталт Мытнага кодэкса. У гэтым годзе павінны быць падрыхтаваны пагадненні па агульных правілах доступу да інфраструктуры, па антыманапольнай палітыцы. З наступнага года краінам належыць узгадняць макраэканамічныя паказчыкі, якія вызначаюць устойлівасць эканамічнага развіцця – дэфіцыты бюджэтаў, дзярждоўг, інфляцыю.

 

 

– Але зразумела, што Беларусь не зможа вытрымаць такую ж планку па дэфіцыце і дзярждоўгу, як Расія. Тады які сэнс устанаўліваць абмежаванні?

 

 

– Жыццё, вядома, значна багацейшае за ўсялякія дакументы. Але, тым не менш, такое пагадненне, спадзяюся, стане мяккай асновай для прыняцця адзіных рашэнняў. Таму што мы не можам дапусціць такіх эканамічных праблем, як у Еўропе. Пры цеснай інтэграцыі, узаемапранікненні розных інстытутаў праблемы адной краіны вельмі хутка робяцца агульнымі.

 

 
– А калі мы зможам перайсці да адзінай валюты?

 

 

 

– Вывучаючы вопыт Грэцыі, трэба вельмі ўважліва ставіцца да аналізу наступстваў увядзення адзінай валюты. Як паказала практыка, гэта значна больш адчувальнае пытанне, чым часам здаецца.

Неабходна таксама разумець, што эканомікі Расіі, Казахстана, Беларусі – розныя не толькі па аб’ёме, але і па структуры. Напрыклад, калі нафта расце ў цане, то для Расіі і Казахстана гэта добра, іх валюты даражэюць. Але беларускі рубель павінен у такім выпадку таннець, паколькі дарагая нафта прыводзіць да росту выдаткаў і зніжэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі. Узнікае супярэчнасць: калі мы ўводзім адзіную валюту, то як яе курс будзе адлюстроўваць рэальны стан эканомік нашых краін?

У гэтым накірунку інтэграцыі патрэбна рухацца максімальна акуратна. Напэўна, для пачатку – расшыраць узаемны гандаль у нацыянальных валютах, развіваць сістэму збліжэння курсавой палітыкі. Паглядзець, якія вынікі такая палітыка дасць, і паступова рухацца далей.

 

Перспектывы

 

 
– Камісія пачынае перамовы аб зоне свабоднага гандлю з В’етнамам. Што дае гэты рэжым? І з якімі яшчэ краінамі могуць быць такія пагадненні?
 

 

– У цэлым такі рэжым дазваляе бяспошлінна ўвозіць тавар на тэрыторыю краіны і здымае іншыя абмежаванні па доступе на рынак: напрыклад, па рэжыме інвестыцый, доступе да дзяржзакупак і стратэгічных праектах урадаў. Адпаведна, для в’етнамскіх вытворцаў аблягчаецца праца на тэрыторыі Мытнага саюза. А для расійскіх, беларускіх, казахстанскіх – у В’етнаме і ў цэлым у перспектыўным Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Для бізнесу гэта абазначае атрыманне новых заказаў, стварэнне новых працоўных месцаў. Для спажыўца – зніжэнне цэн, вялікі выбар тавараў і паслуг. З В’етнамам мы заканчваем падрыхтоўчую працу. Магчыма, на саміце АЦЭС у верасні будзе аб’яўлена аб пачатку перамоў.

Таксама мы вядзём кансультацыі пра магчымасць такога пагаднення з Еўрапейскай асацыяцыяй свабоднага гандлю, куды ўваходзяць Ісландыя, Швейцарыя, Нарвегія і Ліхтэнштэйн, і з Новай Зеландыяй. Усяго ж з прапановамі пра перамовы па зонах свабоднага гандлю на нас выйшлі 35 краін. І мы будзем спрабаваць максімальна хутка прасунуцца туды, дзе ёсць найбольш зразумелыя інтарэсы для краін Мытнага саюза.

 

 

– І які напрамак, паводле вашай ацэнкі, прыярытэтны – усходні ці заходні?

 

– Мы прытрымліваемся прынцыпу шматвектарнасці. Вядома, аддаём шмат увагі Азіяцкаму рэгіёну, дзе сфарміраваўся цэнтр будучага эканамічнага росту. На наш погляд, было б недальнабачна ўпусціць магчымасць і не ўключыцца ў гэты працэс, тым больш што Расія ўваходзіць у АЦЭС. Дарэчы, у Азіяцкім рэгіёне на працягу многіх гадоў узаемадзеянне будуецца на сістэме пагадненняў аб зонах свабоднага гандлю. А ўваход у гэты рэгіён аўтаматычна падразумявае наяўнасць такіх сувязяў.

Але для нас важныя і стратэгічныя адносіны з ЕС. Паступова мы разлічваем выйсці на рэжым зоны свабоднага гандлю. Праўда, пакуль што гэта ўсё-такі пытанне перспектывы – па эканамічных прычынах, і па шматлікіх іншых, уклчаючы адносіны паміж ЕС і Беларуссю. Нарэшце, на працягу некалькіх бліжэйшых месяцаў павінна быць закончана ратыфікацыя Дамовы аб зоне свабоднага гандлю ў СНД.

 

​​