Вход
«Супрацоўніцтва і давер у імя пераадолення бар'ераў і будучыні еўрапейскага і еўразійскага партнёрстваў». Тыгран Саркісян выступіў на Усходнім форуме ў Берліне

«Супрацоўніцтва і давер у імя пераадолення бар'ераў і будучыні еўрапейскага і еўразійскага партнёрстваў». Тыгран Саркісян выступіў на Усходнім форуме ў Берліне

06.04.2017

«Без даверу немагчыма будаваць эканамічны саюз і развіваць супрацоўніцтва з партнёрамі», – лічыць Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Тыгран Саркісян. З гэтага ён пачаў свой выступ на адкрыцці Усходняга форуму 6 красавіка ў Берліне (Германія).

Форум праходзіць ужо ў пяты раз. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 400 прадстаўнікоў органаў улады, топ-мэнэджэраў і ўладальнікаў буйных еўрапейскіх кампаній, членаў бізнес-асацыяцый як з Заходняй Еўропы, так і з краін былога Савецкага Саюза.

Сёлета ключавой тэмай Форуму стала будучыня еўрапейскага і еўразійскага партнёрства. На пленарных пасяджэннях і круглых сталах абмяркоўваюцца пытанні новых тэхналогій і лічбавай трансфармацыі грамадства, магчымасці, якія даюць інавацыі для пераадолення бар'ераў і перашкодаў. Яшчэ адна важная тэма – пошук драйвераў росту еўрапейскай і еўразійскай эканомік, узаемазалежных і звязаных паміж сабой трывалымі гандлёвымі адносінамі і кааперацыйнымі праектамі.

Тыгран Саркісян адзначыў, што эканоміка развітых краін мяняецца на вачах. Акцыянерны кошт многіх лічбавых кампаній, гісторыя якіх не налічвае і дзесяці гадоў, часта пераўзыходзіць ацэнку буйных прамысловых бізнесаў, якія валодаюць значнымі матэрыяльнымі актывамі. «У бліжэйшыя 15-20 гадоў нас чакае паўсюднае ўжыванне платформавай бізнес-мадэлі і, па сутнасці справы, перафарматаванне звыклых арганізацыйных структур прамысловасці і гандлю. 60 гадоў таму вугаль і сталь аб'ядналі Еўропу, цяпер гэта будуць рабіць BigData і «Індустрыя 4.0», – упэўнены Старшыня Калегіі ЕЭК.

Гаворачы аб развіцці адзінага рынку краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), Тыгран Саркісян заявіў, што «Бар'еры і абмежаванні, якія калісьці былі складнікам эканамічнай канкурэнцыі і механізмам забеспячэння нацыянальных або карпаратыўных пераваг, сёння з'яўляюцца анахранізмам, якія ствараюць толькі ілюзію стабільнасці і канкурэнтаздольнасці».

Для таго каб паступальна ісці па шляху зняцця ўсіх бар'ераў і абмежаванняў, якія пакуль яшчэ існуюць у рамках ЕАЭС, Еўразійская эканамічная камісія сумесна з бізнесам краін Саюза падрыхтавала «Белую кнігу». У ёй пералічаны 60 перашкод і прапанаваны комплекс мер па іх ліквідацыі.

«Нельга ісці ў будучыню, выкарыстоўваючы мову і каштоўнасці мінулага, – лічыць Тыгран Саркісян. – Прыклад канструктыўнага дыялогу з бізнесам – выдатны доказ гэтаму. Мы абмяркоўваем з прадпрымальнікамі ўсяго свету магчымасці прымянення найлепшых практык у пытаннях тэхнічнага і мытнага рэгулявання, фітасанітарнага і ветэрынарнага кантролю. Яны гатовыя ісці наперад, іх цікавіць будучыня, рост рынкаў, узаемадзеянне са спажыўцамі, ім патрэбны эфектыўныя інстытуцыйныя адносіны паміж еўрапейскім і еўразійскім інтэграцыйнымі аб'яднаннямі».

У форуме таксама ўзялі ўдзел члены Калегіі (міністры) ЕЭК Карынэ Мінасян і Вераніка Нікішына.

Міністр па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Карынэ Мінасян выступіла ў рамках круглага стала «Ці змогуць лічбавыя тэхналогіі пабудаваць масты паміж Захадам і Усходам?».

Карынэ Мінасян адзначыла, што ў ЕАЭС уважліва сочаць за тым, як рэалізуецца праект адзінага лічбавага рынку ў рамках Еўрапейскага саюза. «Алічбоўка эканомікі» становіцца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці і для ЕЭК. У аснове лічбавай павесткі Еўразійскага эканамічнага саюза ляжыць канцэпцыя лічбавай трансфармацыя галін, рынкаў, працэсаў кіравання і інтэграцыйных працэсаў у Саюзе, а таксама развіццё лічбавай інфраструктуры.

Гаворачы пра магчымыя накірункі супрацоўніцтва з еўрапейскімі лідэрамі «новай» эканомікі, міністр ЕЭК прапанавала сфакусавацца на рэалізацыі некалькіх сумесных праектаў, звязаных з развіццём лічбавай кааперацыі, перш за ўсё, у сферы гандлёва-эканамічных адносін.

Міністр па гандлі ЕЭК Вераніка Нікішына прапанавала свой погляд на ацэнку патэнцыялу супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім і Еўразійскім саюзамі, сфакусаваўшыся на магчымасцях рэалізацыі інтэграцыйных праграм і пошуку мадэляў узаемадзеяння паміж бізнесам і інстытутамі нашых краін.