Вход
ЕЭК усталявала на 2020 год тарыфныя квоты на асобныя віды сельскагаспадарчых тавараў, якiя ўвозяцца ў ЕАЭС

ЕЭК усталявала на 2020 год тарыфныя квоты на асобныя віды сельскагаспадарчых тавараў, якiя ўвозяцца ў ЕАЭС

31.07.2019
Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) 31 ліпеня разгледзела пытанні ў сферах мытна-тарыфнага рэгулявання, міжнароднага супрацоўніцтва, цыфравізацыі эканомікі, статыстыкі, публічнага права, функцыянавання ўнутранага рынку краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).

Калегія ЕЭК усталявала на 2020 год тарыфныя квоты на асобныя віды сельскагаспадарчых тавараў, якiя ўвозяцца ў ЕАЭС, а таксама аб'ёмы тарыфных квот на іх. Такім чынам, для Беларусі на наступны год дапускаюцца квоты ў наступных аб'ёмах: свініна – 20 тыс. тон, абваленае мяса хатніх курэй – 10 тыс. тон, абваленае мяса індычак – 0,9 тыс. тон. Для Казахстана квота на мяса буйной рагатай жывёлы ўсталёўваецца ў аб'ёме 21 тыс. тон, мяса птушкі – 140 тыс. тон. Для Кыргызстана квота на мяса буйной рагатай жывёлы складзе 5 тыс. тон, свініну – 3,5 тыс. тон, мяса птушкі – 58 тыс. тон. Для Расiі прадугледжана квота на мяса буйной рагатай жывёлы ў аб'ёме 570 тыс. тон, мяса птушкі – 364 тыс. тон, малочнай сыроваткі – 15 тыс. тон. Арменія праінфармавала аб адсутнасці неабходнасці ўсталявання на 2020 год тарыфных квот.

Адначасова рашэннем Калегіі ЕЭК прадугледжана, што дзяржавы-члены размяркуюць аб'ёмы тарыфных квот паміж удзельнікамі знешнегандлёвай дзейнасці ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Іх упаўнаважаныя органы будуць выдаваць ліцэнзіі на імпарт прадукцыі ў рамках усталяваных тарыфных квот. Расія будзе размяркоўваць аб'ёмы тарыфных квот паміж трэцімі краінамі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і яе абавязацельствамі ў рамках СГА.

У межах усталяваных тарыфных квот дапускаецца ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з трэціх краін па больш нізкіх стаўках увазных мытных пошлін у параўнанні са стаўкамі Адзінага мытнага тарыфу.

Ухвалены Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Еўрапейскай арганізацыяй публічнага права (ЕАПП).

Уведзены ў дзеянне шэраг агульных працэсаў у сферы мытнага рэгулявання. Яны забяспечваюць фарміраванне, вядзенне і выкарыстанне агульных рэестраў мытных прадстаўнікоў, уладальнікаў складоў часовага захоўвання, уладальнікаў мытных складоў і мытных перавозчыкаў. Адпаведныя распараджэнні Калегіі прыняты для развіцця інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС.