Вход
Як абараніцца ад нядобрасумленнай канкурэнцыі на трансгранічным рынку, распавялі эксперты ЕЭК у Мінску

Як абараніцца ад нядобрасумленнай канкурэнцыі на трансгранічным рынку, распавялі эксперты ЕЭК у Мінску

29.07.2019

Пасяджэнні Грамадскай прыёмнай, якія праводзіць Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) па пытаннях канкурэнцыі і антыманапольнага рэгулявання ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), запатрабаваны бізнес-супольнасцю. Аб гэтым заявіла дырэктар Дэпартамента канкурэнтнай палітыкі і палітыкі ў галіне дзяржаўных закупак ЕЭК Алія Джумабаева на чарговым выязным пасяджэнні Грамадскай прыёмнай у Мінску (Рэспубліка Беларусь) 26 ліпеня.

Прадстаўнікі больш за 40 найбуйнейшых прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў-экспарцёраў, канцэрнаў, асацыяцый і бізнес-саюзаў Беларусі, якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве, атрымалі «з першых рук» поўную інфармацыю аб саюзным заканадаўстве ў гэтай сферы, у тым ліку апошнія змяненні ў нарматыўна-прававых актах ЕАЭС па абароне канкурэнцыі.

«Для Камісіі пакаранне гаспадарчых суб'ектаў не з'яўляецца асноўнай мэтай. Значна важней – прадухіліць парушэнне, не дапусціць стварэння ўмоў для яго ўзнікнення на трансгранічных рынках. Менавіта на гэта накіравана ўключэнне ў Дагавор аб ЕАЭС інструментаў «мяккага права» – папярэджанняў і перасцярог», - падкрэсліла Алія Джумабаева.

Эксперты ЕЭК пазнаёмілі прысутных з патрабаваннямі да афармлення і парадку падачы заяў у Камісію, акцэнтуючы ўвагу на тым, што ад юрыдычнай карэктнасці і паўнаты звестак, якія прадстаўляюцца ў заяве, залежаць не толькі тэрміны расследавання, але і справядлівасць канчатковага рашэння па справе.

У 2018 годзе ў Камісію па лініі Грамадскіх прыёмных паступіла 27 заяў, было праведзена 9 расследаванняў і разгледжана 5 спраў. Як кажуць эксперты, самае распаўсюджанае парушэнне – нядобрасумленная канкурэнцыя, на другім месцы – злоўжыванне дамінуючым становішчам, на трэцім – антыканкурэнтныя пагадненні.

Другая частка пасяджэння традыцыйна была аддадзена індывідуальным кансультацыям прадпрымальнікаў. Зададзеныя імі пытанні датычыліся пераважна працэдур звароту ў Камісію.