Аналітыкі
Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) 28 студзеня прадставілі даследаванне аб ролі
нацыянальных валют Еўразійскага эканамічнага саюза ў міжнародных разліках.
Еўразійская эканамічная камісія выступіла партнёрам прэзентацыі.
Як вынікае з
дакладу ЕАБР «Павышэнне ролі нацыянальных валют ЕАЭС у міжнародных разліках»,
за апошнія сем гадоў роля краін ЕАЭС у сусветным гандлі практычна не змянілася
— на іх долю па-ранейшаму прыпадае каля 2% глабальнага гандлю. У ліку 30
ключавых сусветных валют з усіх краін ЕАЭС прадстаўлены рубель — у гэтай валюце
праводзіцца каля 1% усіх аперацый. У гандлі краін ЕАЭС з трэцімі краінамі доля
нацвалют у абслугоўванні плацяжоў за імпарт у сярэднім складае каля 24%. У
абслугоўванні экспарту іх доля значна ніжэй — па выніках 2019 года яна не
перавышала 9%. Шмат у чым гэта звязана са значнай доляй экспарту
паліўна-энергетычных тавараў, плацяжы за якія пераважна ажыццяўляюцца ў
доларах.
Ва ўнутраных узаемных разліках краін ЕАЭС па
выніках апошніх сямі гадоў плацяжы ў нацвалютах павялічыліся з 63% у 2013 годзе
да 74% па выніках 2019 года. Пры гэтым за апошняе пяцігоддзе доля долара
знізілася з 25% у 2015 годзе да 19% у 2019 годзе.
Досыць актыўна ў абслугоўванні гандлёвых аперацый выкарыстоўваецца тэнге,
асабліва ў гандлі з Кыргызстанам. Калі ў 2013 годзе доля тэнге ва ўзаемным
гандлі Рэспублікі Казахстан і Кыргызскай Рэспублікі складала 15%, то ў 2019
годзе дасягнула 19%. У гандлі паміж Расіяй і Казахстанам доля тэнге складае 5%,
яна значна павялічылася ў параўнанні з 2% у 2013 годзе.
Як адзначае член Калегіі (міністр) па эканоміцы і фінансавай палітыцы
Еўразійскай эканамічнай камісіі, кіраўнік рабочай групы высокага ўзроўню па
пытаннях дэдаларызацыі разлікаў пры ажыццяўленні ўзаемнага гандлю ў рамках ЕАЭС
Цімур Жаксылыкаў, задача пашырэння выкарыстання нацыянальных валют ва ўзаемных
разліках паміж рэзідэнтамі дзяржаў-членаў вызначана Дагаворам аб ЕАЭС і
адлюстравана ў Стратэгічных напрамках развіцця еўразійскай эканамічнай
інтэграцыі да 2025 года.
«Далейшаму росту долі плацяжоў у
нацыянальных валютах дзяржаў-членаў будзе спрыяць актывізацыя гандлёвых і
фінансавых патокаў паміж краінамі Саюза, лібералізацыя ўмоў правядзення
валютных аперацый паміж рэзідэнтамі нашых дзяржаў, фарміраванне інтэграванага
валютнага рынку і забеспячэнне дзяржавамі-членамі ўзаемнага допуску да валютных
рынкаў адзін аднаго, а таксама шэраг іншых мер, накіраваных на поўнамаштабную
рэалізацыю Дагавора аб ЕАЭС у розных сферах дзейнасці», – гаворыць Цімур
Жаксылыкаў.
У рамках дзейнасці рабочай групы па
дэдаларызацыі, у дзейнасці якой, акрамя зацікаўленых упаўнаважаных органаў
краін Саюза, удзельнічае Еўразійскі банк развіцця, праводзіцца праца па
выяўленні рэзерваў актывізацыі разлікаў у нацыянальных валютах і прапрацоўваюцца
прапановы бакоў па гэтай тэматыцы, уключаючы ўзаемаразлікі за энерганосьбіты.
«Пытанню
павелічэння долі разлікаў у нацыянальных валютах у рамках Саюза надаецца
вялікая ўвага, актыўна праводзіцца адпаведная праца як на высокім, так і на
экспертным узроўні. Мы лічым, што такі падыход прывядзе да выканання
пастаўленых задач і дасягнення заяўленых мэт у гэтым напрамку», – адзначае Цімур
Жаксылыкаў.
Даведка
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) — міжнародная
фінансавая арганізацыя, якая садзейнічае інтэграцыі і развіццю краін-удзельніц:
Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Статутны
капітал ЕАБР складае 7 млрд долараў ЗША. Банк заснаваны ў студзені 2006 года
Расіяй і Казахстанам, са штаб-кватэрай у Алматы. Асноўную долю ў партфелі ЕАБР
займаюць праекты з інтэграцыйным эфектам у сферах транспартнай інфраструктуры,
энергетыкі, хімічнай і горназдабыўной прамысловасці, машынабудаванні.
Стратэгічныя напрамкі развіцця
еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года (Стратэгія-2025) зацверджаны кіраўнікамі
дзяржаў ЕАЭС 11 снежня 2020 года. Рэалізацыя дакумента дасць магчымасць
забяспечыць апераджальнае развіццё эканомік дзяржаў-членаў за кошт росту
інвестыцыйнай і інавацыйнай актыўнасці, фарміравання гнуткіх механізмаў
садзейнічання росту і занятасці. У першым квартале 2021 года Калегія ЕЭК плануе
прадставіць Савету ЕЭК на зацвярджэнне план мерапрыемстваў па рэалізацыі
Стратэгіі-2025.