Вход
Міністр ЕЭК Віктар Назаранка: «Краіны ЕАЭС гавораць на ўніверсальнай мове сусветнага гандлю»

Міністр ЕЭК Віктар Назаранка: «Краіны ЕАЭС гавораць на ўніверсальнай мове сусветнага гандлю»

27.11.2019

«Стандартызацыю вобразна можна назваць мовай зносін вытворцаў і спажыўцоў, а міжнародную стандартызацыю – універсальнай мовай сусветнага гандлю. І гэтая мова павінна ўсюды выкарыстоўвацца. Таму для паспяховай рэалізацыі стратэгіі ААН па дасягненні мэт устойлівага развіцця (МУР) да 2030 года, у тым ліку ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), важна, каб спецыялісты ў галіне МУР аб'ядналі свае намаганні з калегамі ў сферы стандартызацыі», заявіў член Калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Віктар Назаранка на 29-й сесіі Рабочай групы Еўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па палітыцы ў галіне стандартызацыі і супрацоўніцтва па пытаннях нарматыўнага рэгулявання (РГ 6 ЕЭК ААН), якая прайшла ў Жэневе (Швейцарыя).

У рамках пасяджэння разгледжаны ход рэалізацыі стратэгіі ААН па дасягненні МУР, а таксама роля і месца ў гэтым працэсе міжнароднай стандартызацыі. Акрамя таго, абмеркаваны пытанні кіравання рызыкамі ў сістэмах нарматыўнага рэгулявання, акрэдытацыі, ацэнкі адпаведнасці, нагляду за рынкам і метралогіі, развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне тэхнічнага рэгулявання і ролі міжнароднай стандартызацыі ў пераадоленні тэхнічных бар'ераў у сусветным гандлі. Вырашаны шэраг арганізацыйных пытанняў. У прыватнасці, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь – адной з дзяржаў-членаў ЕАЭС – Валянцін Татарыцкі абраны намеснікам Старшыні РГ 6 ЕЭК ААН. Ён будзе ажыццяўляць свае паўнамоцтвы ў 2020 – 2021 гадах.

На панэльнай сесіі па пытаннях нагляду за рынкам дырэктар Дэпартамента тэхнічнага рэгулявання і акрэдытацыі ЕЭК Цімур Нурашаў распавёў аб выпрацоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіяй прынцыпаў і падыходаў да гарманізацыі заканадаўства краін ЕАЭС у сферы дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Саюза, уключаючы прымяненне ў ЕАЭС міжнародных дагавораў па забеспячэнні на ўнутраным рынку бяспекі тавараў. Ён акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства на выніках ліпеньскага пасяджэння Кансультатыўнай групы па наглядзе за рынкам МАРС РГ 6 ЕЭК ААН, якое ўпершыню адбылося ў Маскве на пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі і сабрала прадстаўнікоў 12 краін свету.

Акрамя таго, Віктар Назаранка правёў рабочыя сустрэчы са старшынёй РГ 6 ЕЭК ААН Марыён Штольдт, старшынёй Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Юрыем Амбразевічам і генеральным дырэктарам аддзялення ААН у Жэневе Таццянай Валавой. Абмеркаваны перспектывы паглыблення ўзаемадзеяння Еўразійскай эканамічнай камісіі і рабочых органаў ААН, у прыватнасці, пытанні пашырэння супрацоўніцтва паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН у сферы тэхнічнага рэгулявання. Прадстаўнікі Еўразійскай эканамічнай камісіі падкрэслілі важную ролю Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Кіраўнікі органаў ААН, у сваю чаргу, адзначылі актыўны ўдзел Еўразійскай эканамічнай камісіі ў мерапрыемствах РГ 6 ЕЭК ААН, у тым ліку яе падгруп па пытаннях нагляду за рынкам і кіравання рызыкамі ў сістэмах нарматыўнага рэгулявання. Бакі выказалі зацікаўленасць у далейшым пашырэнні ўзаемадзеяння.

 

Даведка

Еўрапейская эканамічная камісія Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ЕЭК ААН) – адна з пяці рэгіянальных арганізацый ААН. Створана ў 1947 годзе для садзейнічання развіццю эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі-членамі ЕЭК ААН. Налічвае 56 дзяржаў-членаў. Нароўні з еўрапейскімі краінамі ў арганізацыю ўваходзяць ЗША, Канада, Турцыя, Ізраіль, дзяржавы СНД і ЕАЭС. Асноўная мэта ЕЭК ААН – садзейнічанне інтэграцыі і кааперацыі краін у галіне эканомікі, статыстыкі, транспарту, жыллёвай гаспадаркі, землекарыстання і экалогіі.

Рабочая група па палітыцы Еўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне стандартызацыі і супрацоўніцтва па пытаннях нарматыўнага рэгулявання (РГ 6 ЕЭК ААН) створана ў 1970 годзе. Асноўная мэта РГ 6 ЕЭК ААН – арганізацыя дыялогу па абмеркаванні актуальных пытанняў супрацоўніцтва ў галіне нарматыўнага рэгулявання, стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці, метралогіі, нагляду за рынкам і кіравання рызыкамі.

РГ 6 ЕЭК ААН распрацоўвае рэкамендацыі, якія дапамагаюць дзяржавам праводзіць палітыку па абароне здароўя, бяспекі спажыўцоў і ахове навакольнага асяроддзя. Рэкамендацыі не з'яўляюцца абавязковымі, але шырока выкарыстоўваюцца ў дзяржавах-членах ЕЭК ААН і іншых краінах.​