Вход
Сяргей Глазьеў заклікаў стымуляваць эканамічны рост у краінах ЕАЭС за кошт развіцця фармацэўтыкі, інфармацыйных і біяінжынерных тэхналогій

Сяргей Глазьеў заклікаў стымуляваць эканамічны рост у краінах ЕАЭС за кошт развіцця фармацэўтыкі, інфармацыйных і біяінжынерных тэхналогій

26.11.2020
Дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза пакуль не змаглі выйсці на тэмпы росту вышэй за сусветныя.  Шмат у чым гэта звязана з той макраэканамічнай палітыкай, якая праводзіцца ў краінах.  Стымуляваць эканамічны рост можна шляхам развіцця галін, якія з'яўляюцца драйверамі новага тэхналагічнага ўкладу.  Аб гэтым заявіў міністр па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Глазьеў 26 лістапада на міжнародным семінары «Пандэмія COVID-19: сімптомы і лячэнне сусветнай эканомікі».

Як падкрэсліў Сяргей Глазьеў, пандэмія істотна паскорыла структурныя змяненні ў сусветнай эканоміцы.  Адбываецца дыферэнцыяцыя сусветнай эканомікі ў залежнасці ад эфектыўнасці сістэмы кіравання эканамічным развіццём у краінах.  У прыватнасці, цэнтр сусветнай актыўнасці перамяшчаецца ў Паўднёва-Ўсходнюю Азію.  Адзіная краіна, якая выходзіць на станоўчыя тэмпы росту ў гэтым годзе, – гэта Кітай.

«Калі казаць пра дзяржавы ЕАЭС, мы пакуль не змаглі выйсці на тэмпы росту вышэй за сусветныя, – адзначыў Сяргей Глазьеў. – Шмат у чым гэта звязана, як мне ўяўляецца, з той макраэканамічнай палітыкай, якая праводзіцца. У дзяржавах ЕАЭС па-ранейшаму вельмі нізкія нормы назапашвання капіталу, нізкія тэмпы нарошчвання інвестыцыйнай актыўнасці, захоўваецца ўцечка капіталу, што сведчыць аб тым, што сістэма кіравання эканамічным развіццём працуе не аптымальным чынам».
Пры гэтым, ён звярнуў увагу на тое, што ў краінах ЕАЭС назіраецца рост у тых галінах, якія з'яўляюцца драйверамі новага тэхналагічнага ўкладу.

«У дзяржавах ЕАЭС звяртае на сябе ўвагу хуткі рост у фармацэўтыцы, вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў, медыцынскіх вырабаў і ў цэлым нарошчванне эканамічнай актыўнасці ў сферы аховы здароўя», – адзначыў Сяргей Глазьеў.

Паводле даных службаў дзяржаўнай статыстыкі краін ЕАЭС, вытворчасць фармацэўтычных прэпаратаў у студзені-кастрычніку 2020 года ў параўнанні з тым жа перыядам 2019 года ў Арменіі вырасла на 23,5%, у Беларусі – на 11%, у Казахстане – на 40%, у Кыргызстане – на 180%, у Расіі – на 21%.

Міністр ЕЭК дадаў, што тэндэнцыі, звязаныя з інфарматызацыяй, з развіццём біяінжынерных тэхналогій, рабатызацыяй, укараненнем лічбавых тэхналогій, паскараюцца, і краінам ЕАЭС неабходна ісці ў нагу з часам.  Ён падкрэсліў, што дзяржавы ядра новага тэхналагічнага ўкладу захоўваюць нормы валютнага кантролю, жорстка сочаць за трансгранічным рухам капіталу, выбіральна ставяцца да грашова-крэдытнай палітыкі, стымулююць інвестыцыйную актыўнасць шляхам фарміравання мэтавых інструментаў крэдытавання інвестыцый, забяспечваюць таннае доўгатэрміновае крэдытаванне прыярытэтных напрамкаў эканамічнага развіцця, трымаюць грашовы абарот пад жорсткім дзяржаўным кантролем.

Сяргей Глазьеў канстатаваў, што ў новых умовах галоўным напрамкам міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва становіцца не столькі лібералізацыя сусветнай эканомікі, колькі спалучэнне канкурэнтных пераваг розных краін вакол нарошчвання сумесных інвестыцый, перш за ўсё інфраструктурных.

«Мы ў Еўразійскім эканамічным саюзе актыўна ўзаемадзейнічаем з Кітаем у рамках спалучэння з ініцыятывай «Адзін пояс – Адзін шлях».  Стрыжнем нашага супрацоўніцтва з'яўляюцца сумесныя інвестыцыі на аснове спалучэння нашых канкурэнтных пераваг і стварэнне агульных правіл, якія мы адфіксавалі ў нашым пагадненні», – сказаў на заканчэнне Сяргей Глазьеў.

Міжнародны макраэканамічны семінар праводзіцца ЕЭК сумесна з Міждзяржаўным банкам.  Семінар традыцыйна прысвечаны абмеркаванню найбольш актуальных выклікаў і рызык развіцця сусветнай і рэгіянальнай эканомікі, а таксама перспектыўным напрамкам інтэграцыйнага супрацоўніцтва дзяржаў ЕАЭС.  У дыскусіі прынялі ўдзел прадстаўнікі міжнародных арганізацый, інтэграцыйных аб'яднанняў, нацыянальных і наднацыянальных органаў рэгулявання, інстытутаў развіцця і навуковых колаў.​