Вход
ЕЭК прыступіла да распрацоўкі Пагаднення аб рэгулятыўных «пясочніцах» у ЕАЭС

ЕЭК прыступіла да распрацоўкі Пагаднення аб рэгулятыўных «пясочніцах» у ЕАЭС

26.04.2018

«Стварэнне сістэмы рэгулятыўных «пясочніц» Еўразійскага эканамічнага саюза – адзін з прыярытэтаў прапрацоўкі ініцыятываў, зацверджаны кіраўнікамі дзяржаў Саюза. Для ініцыятараў праектаў, рэгулятараў Еўразійскай эканамічнай камісіі – гэта рэальная магчымасць пратэсцiраваць інавацыйныя рашэнні, новыя бізнэс-мадэлі, выявіць іх моцныя і слабыя бакі, лепш зразумець магчымыя рызыкі, апрабаваць падыходы да рэгулявання перад іх прававым замацаваннем», - паведаміла член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Карынэ Мiнасян на першым пасяджэнні экспертаў, прысвечаным абмеркаванню стварэння сістэмы рэгулятыўных «пясочніц» у Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС).

Лічбавая трансфармацыя галін і рынкаў стварае ўмовы высокай нявызначанасці для дзейнасці і прыняцця рашэнняў як для інаватараў, так і для рэгулятараў. Асабліва востра гэта адчуваецца на інтэграцыйным узроўні. У новых галінах і на новых рынках краіны часта нарматыўна замацоўваюць тыя ці іншыя падыходы да рэгулявання, не маючы магчымасці ацаніць іх уздзеянне на рэальныя эканамічныя працэсы ўнутры дзяржавы і на агульных рынках ЕАЭС.

Рэгулятыўная «пясочніца» ў Саюзе павінна стаць асяроддзем для эксперыментавання і мадэлявання. У ёй можна ствараць часовыя рэгулятарныя рамкі, каб змяншаць рызыкі тэсцiравання для пілотных праектаў, выбудоўваць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж рэгулятарамі і інаватарамі, абменьвацца вопытам, лепшымі практыкамі і падыходамі.

На выхадзе рэгулятар атрымае апрабаваныя і працуючыя «мадэлі» прававога рэгулявання, ініцыятар – пілот праекта, пратэсцiраваны ў прававым полі і ў рэальных або набліжаных да рэальных умовах рынку, а таксама зніжэнне выдаткаў пілатавання за кошт узгодненага паміж рэгулятарамі краін ЕАЭС доступу да дадзеных, інфраструктуры і экспертызы.

«Эфекты ад прымянення «пясочніц» могуць быць цалкам адчувальныя – скарачэнне часу для пілатавання праектаў у Саюзе амаль у два разы; зніжэнне выдаткаў для бізнэсу і дзяржавы ў выніку выяўленых рызык, ліквідацыю прававых разрываў, і, як следства, – больш правільнае размеркаванне рэсурсаў», - адзначыў кіраўнік праекта па лічбавай трансфармацыі ЕЭК Аляксандр Пятроў.

Эксперты таксама адзначылі, што «пясочніца» магла б стаць інструментам для апрабацыі падыходаў па пераходзе нарматыўна-прававой базы ў лічбавы фармат праз алгарытмы, анталогіі, мадэлі дадзеных.
Па выніках пасяджэння яго ўдзельнікі прапанавалі пачаць падрыхтоўку праекта Пагаднення аб рэгулятыўных «пясочніцах» у ЕАЭС, што дазволіць прымяняць іх у прававым полі Саюза.

Даведка

Сёння механізм «пясочніц», які дазваляе забяспечыць стварэнне бяспечнага асяроддзя для тэхналагічнай, рэгулятарнай і арганізацыйнай адпрацоўкі інавацыйных рашэнняў, становіцца папулярным. Ужо, як мінімум, 15 юрысдыкцый па ўсім свеце запусцілі ў сябе рэгулятыўныя «пясочніцы» для адпрацоўкі, у першую чаргу, фінансава-тэхнічных рашэнняў.

Праведзены Камісіяй аналіз міжнароднага вопыту прымянення «пясочніц» дазволіў выявіць, што важным трэндам з'яўляецца стварэнне трансгранічных «пясочніц». Іх мадэлі прапрацоўваюцца ў Вялікабрытаніі і Еўрапейскім саюзе, а ў Францыі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах яны ўжо дзейнічаюць.