Вход
Міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлан Алдабергенаў: «ЕЭК вядзе працу па даследаванні трансмежных таварных рынкаў»

Міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлан Алдабергенаў: «ЕЭК вядзе працу па даследаванні трансмежных таварных рынкаў»

17.11.2014
14 лістапада ў Віцебску на міжнароднай канферэнцыі «Прававыя аспекты забеспячэння аднолькавых умоў канкурэнцыі на тэрыторыі Адзінай эканамічнай прасторы» Член Калегіі (Міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Нурлан Алдабергенаў расказаў аб працы Камісіі па даследаванні трансмежных таварных рынкаў.

Канферэнцыя праводзілася 13-14 лістапада пад эгідай Еўразійскай эканамічнай камісіі ў межах працы па адвакатаванні канкурэнцыі. У ходзе мерапрыемства былі разгледжаны пытанні ўдасканалення канкурэнтнага заканадаўства краін МС і АЭП, забеспячэння аднолькавых умоў канкурэнцыі на таварных рынках АЭП.

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнік Суда Еўразійскай эканамічнай супольнасці, Дзяржаўнай камісіі па абароне эканамічнай канкурэнцыі Рэспублікі Арменія, Дзяржаўнага Агенцтва антыманапольнага рэгулявання пры Урадзе Кыргызскай Рэспублікі, Камітэта па рэгуляванні натуральных манаполій і абароне канкурэнцыі Міністэрства нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Казахстан, Федэральнай Антыманапольнай службы Расіі, Міністэрства эканомікі і Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі навуковых колаў і бізнес-супольнасці РБ.

Міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлан Алдабергенаў адзначыў рост паставак асобных беларускіх тавараў у Рэспубліку Казахстан і Расійскую Федэрацыю. У прыватнасці, ён расказаў аб павелічэнні экспарту з Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Казахстан і Расійскую Федэрацыю харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны на 17%, прадукцыі хімічнай прамысловасці і каўчука на 8,1%, мінеральных прадуктаў у 2,4 раза, цэменту ў 3,9 раза, вапны ў 2 разы, баваўнянапапяровай тканіны ў 2,5 раза, шарсцяной пражы ў 3,1 раза, пшаніцы ў 10 разоў, макарон у 2,7 раза, аўтатранспартных сродкаў, прычэпаў і паўпрычэпаў у 3 разы і г.д.

Таксама дакладчыкам былі закрануты пытанні даследавання трансмежных таварных рынкаў. Па выніках даследаванняў на рынку сінтэтычных сродкаў для мыцця Нурлан Алдабергенаў адзначыў, што назіраецца недастатковы аб’ём уласнай вытворчасці для задавальнення ўнутранага попыту ў Беларусі і Казахстане. Дэфіцыт складае 40 і 80%, адпаведна. Асноўным імпарцёрам прадуктаў дадзенага рынку з’яўляецца Расія. У гэтым накірунку Міністэрству эканомікі Рэспублікі Беларусь было рэкамендавана стварыць рабочую групу для даследавання рынку сінтэтычных сродкаў для мыцця. Як было заяўлена на мерапрыемстве, Еўразійскай эканамічнай камісіяй сумесна з канкурэнтнымі органамі трох краін будзе працягнута праца па даследаванні рынкаў.

Пытанні «паралельнага імпарту» таксама абмяркоўваліся ўдзельнікамі канферэнцыі. Як лічаць прадстаўнікі ЕЭК, яго легалізацыя за кошт развіцця канкурэнцыі паміж незалежнымі пастаўшчыкамі і афіцыйнымі дылерамі дазволіць значна знізіць цэны на брэндавыя тавары, якія імпартуюцца.

Напрыканцы Нурлан Алдабергенаў праінфармаваў аб тым, што міжнародныя канферэнцыі такой тэматыкі з мэтай адвакатавання канкурэнцыі ўжо праведзены ў такіх гарадах, як Уфа, Калінінград, Мінск і Тараз.