Вход
ЕЭК вядзе адкрыты дыялог з бізнэсам

ЕЭК вядзе адкрыты дыялог з бізнэсам

03(3).jpg
23.05.2018

«Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) пачынае прамое і адкрытае абмеркаванне праблемных пытанняў інтэграцыі з прадпрымальнікамі краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) на месцах», - заявіў член Калегіі (міністр) па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК Цімур Жаксылыкаў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі бізнэсу Казахстана на пляцоўцы Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў Рэспублікі Казахстан «Атамекен».
 
Мерапрыемства праведзена ў фармаце відэаканферэнцыі з палатамі прадпрымальнікаў усіх абласцей Казахстана. У сустрэчы прынялі ўдзел галіновыя бізнэс-асацыяцыі і суб'екты прадпрымальніцтва, а таксама прадстаўнікі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў рэспублікі.

Цімур Жаксылыкаў паведаміў аб працы Камісіі па ўдасканаленні механізму пацвярджэння выплаты ПДВ пры ажыццяўленні здзелак у рамках узаемнага гандлю паміж краінамі Саюза, гарманізацыі ставак акцызаў, прыняцця іншых мер, накіраваных на стварэнне агульных рынкаў алкагольнай і тытунёвай прадукцыі. Ён распавёў аб фарміраванні адзіных механізмаў забеспячэння пенсійных правоў працуючых мiгрантаў у ЕАЭС з дапамогай адпаведнага мiжнароднага дагавора.

Старшыня праўлення Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў Рэспублікі Казахстан «Атамекен» Аблай Мырзахметаў, падкрэсліўшы актуальнасць сустрэчы, адзначыў, што ўдзел краіны ў ЕАЭС стымулюе рост нацыянальнай эканомікі, дае новыя магчымасці для развіцця бізнэсу. Але казахстанскія дзелавыя колы звяртаюць увагу на тое, што патэнцыял інтэграцыі далёка не вычарпаны.

У сувязі з гэтым міністр ЕЭК і іншыя прадстаўнікі Камісіі адказалі на пытанні прадпрымальнікаў, якія датычацца перспектыў легалізацыі «паралельнага» імпарту шляхам увядзення магчымасці ўсталявання выключэнняў з рэгіянальнага прынцыпу вычарпання выключнага права на таварны знак, а таксама паляпшэння доступу і забеспячэння нацыянальнага рэжыму ў дзяржаўных закупках.

Удзельнікі сустрэчы звярнулі ўвагу на тое, што пры ўвядзенні сучасных інструментаў мытнага кантролю, у тым ліку навігацыйных пломбаў, інфармацыйных сістэм нагляду і маркіроўкі тавараў, неабходна адмяняць ранейшыя інструменты захавання працэдуры мытнага транзіту – маршруты і агляды.

«Такія выязныя мерапрыемствы вельмі важныя для атрымання прамой зваротнай сувязі ад прадпрымальнікаў, шмат у чым у інтарэсах якіх мы і развіваем еўразійскую інтэграцыю», - падкрэсліў Цімур Жаксылыкаў.

Падобныя сустрэчы міністра ЕЭК Цімура Жаксылыкава з бізнэсменамі Саюза стануць рэгулярнымі: да канца бягучага года яны будуць праведзены ў Арменіі, Беларусі і Кыргызстане.