Вход
Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян: «Будучыня – за лічбавай кааперацыяй, лічбавымі саюзамі і партнёрствамі»

Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян: «Будучыня – за лічбавай кааперацыяй, лічбавымі саюзамі і партнёрствамі»

19.10.2017

Прасоўванне лічбавай трансфармацыі (лічбавы «евангелізм») – не столькі тэхналагічная павестка, колькі павестка кіравання змяненнямі і лічбавым развіццём. Такое меркаванне выказала член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Карынэ Мінасян падчас дыскусіі «Лічбавыя міністры. Евангелісты тэхналагічнай павесткі дзяржавы» ў рамках міжнароднага форуму «Адкрытыя інавацыі» ў Сколкава 17 кастрычніка.

Мерапрыемства аб'яднала на адной пляцоўцы лідэраў лічбавай трансфармацыі – лічбавых міністраў, якія падзяліліся сакрэтамі дасягнення поспеху ў лічбавай эканоміцы ў сваіх краінах, бачаннем рызык лічбавізацыі і досведам іх зніжэння, а таксама ўкаранення эфектыўных практык лічбавай трансфармацыі. Адным з ключавых пытанняў дыскусіі стала роля дзяржавы пры рэалізацыі стратэгіі лічбавізацыі: дзяржава – гэта раўнапраўны партнёр, рэгулятар, гулец або каардынатар ўзаемадзеяння? Як дзяржаве правільна знайсці сваю нішу ў лічбавай эканоміцы? Калі дзяржаве трэба зрабіць крок назад і саступіць месца бізнесу? Як стварыць асяроддзе для інавацый? У чым складаюцца выклікі рэгулявання лічбавай эканомікі на нацыянальным, рэгіянальным і глабальным узроўнях?

«Неабходна сінхранізаваць лічбавыя павесткі пяці краін для дасягнення максімальных сінэргетычных эфектаў і далейшага фармавання агульнага рынку ЕАЭС ужо без лічбавых бар'ераў. Аднастайнасць рынку дазволіць дасягнуць вялікіх эканамічных эфектаў усім удзельнікам – гэта стратэгія «win-win». Пры гэтым удзельнікі рынку павінны быць гатовы дзяліцца каштоўнасцю і давяраць адзін аднаму», ‒ адзначыла падчас  дыскусіі Карынэ Мінасян.

Рэгіянальная кааперацыя ў фармаце ЕАЭС у сферы лічбавай эканомікі – складаная задача, аднак яна адкрывае і патэнцыйныя магчымасці, стварае пляцоўку для сумеснай выпрацоўкі правілаў, стандартаў і стварэння рэгіянальных лічбавых платформаў і экасістэм для канкурэнтаздольнага выхаду на глабальны рынак. Сёлета 11 кастрычніка кіраўнікі дзяржаў-членаў Саюза ўхвалілі «Асноўныя напрамкі рэалізацыі лічбавай павесткі ЕАЭС да 2025 года» ‒ дакумент стратэгічнага характару, які вызначыў мэты, задачы, падыходы і механізмы рэалізацыі лічбавай павесткі, а таксама прыярытэты для прапрацоўкі лічбавых ініцыятыў і запуску прарыўных праектаў лічбавай трансфармацыі на адзінай эканамічнай прасторы.

«На міжнародным узроўні нам патрэбны не толькі агульныя ідэі, але і агульныя дзеянні. У лічбавым асяроддзі не хапае даверу, патрэбныя агульныя правілы адказных паводзін. Пры гэтым сусветная лічбавая экасістэма не павiнна быць манапалізаванай, трэба зрабіць так, каб краіны не станавіліся закладнікамі тэхналогій, якія паступаюць звонку», ‒ выступіў у падтрымку тэзісаў міністра ЕЭК Карынэ Мінасян міністр сувязі і масавых камунікацый РФ Мікалай Нікіфараў.

Рызыка павелічэння лічбавага разрыву паміж краінамі і рэгіёнамі, а таксама няроўнасці ў атрыманні дывідэндаў лічбавай трансфармацыі пры выхадзе на глабальны рынак актуальны як ніколі. Глабальны характар лічбавізацыі дазволіў буйным кампаніям пераадолець бар'еры для доступу на рэгіянальныя рынкі і ўзмацніцца на іх яшчэ больш. Шмат у чым іх поспех – гэта вынік першапачаткова спрыяльнага інавацыйнага асяроддзя, створанага ўнутры дзяржаў, рэзідэнтамі якіх яны з'яўляюцца. Вельмі дакладна па гэтым пытанні выказаўся міністр інавацый і тэхналагічнага развіцця Рэспублікі Сербія Ненад Попавіч: «Інавацыі ‒ падважнік да руху краіны. Важна выбудоўваць нацыянальныя сістэмы падтрымкі інавацыйнага развіцця. Зараз многія дзяржавы, нягледзячы на выдатную акадэмічную падрыхтоўку і навукова-даследчы зачын, сутыкаюцца з адтокам інаватараў, іх кампетэнцый, прарыўных ідэй і стартапаў у краіны з больш развітым інавацыйным асяроддзем. У выніку эканоміка губляе значныя дывідэнды і канкурэнтныя перавагі».

«Ёсць рызыка застацца толькі спажыўцамі, а не ключавымі гульцамі і генератарамі каштоўнасці на лічбавых рынках», ‒ працягнула думку Попавіча Карынэ Мінасян.

Міністр ЕЭК нагадала вынікі сумеснага даследавання Сусветнага банка і Камісіі. Так, эканамічны эфект ад рэалізацыі лічбавай павесткі дазволіць павялічыць ВУП ЕАЭС да 2025 года на суму, якая складае амаль 11% ад агульнага чаканага росту сукупнага ВУП дзяржаў-членаў. Акрамя таго, чакаецца стварэнне блізу васьмі мільёнаў дадатковых працоўных месцаў, а ліквідаванне існуючых нарматыўна-прававых бар'ераў у ЕАЭС дазволіць зэканоміць краінам 46,5 млрд дол. ЗША. Тым не менш, якімі б «вабнымі» эфекты ад лічбавізацыі не здаваліся, адсутнасць абдуманных крокаў у галіне рэгулявання, неразвітасць лічбавай інфраструктуры, непрыманне новага можа сур'ёзна перашкодзіць рэалізацыі гэтых чаканняў, упэўненая Карынэ Мінасян.

Пры гэтым пералічаныя негатыўныя чыннікі ў лічбавізацыі непасрэдна звязаны з ажыццяўленнем дзяржавай сваіх функцый у лічбавай эканоміцы. Падрабязна на іх спыніліся эксперты з Сінгапура і Вялікай Брытаніі – Жаклін Па і Ліам Максвэл, зрабіўшы агульную выснову аб важнасці развіцця дзяржавай адкрытай платформавай інфраструктуры, канкурэнтнага асяроддзя і «інтэлектуальнага» рэгулявання на аснове тэставання і прататыпавання рэгуляторных рашэнняў, у тым ліку з выкарыстаннем механізмаў рэгуляторных «пясочніц».

Даведка

Скразная тэма форуму «Адкрытыя інавацыі» ў 2017 годзе ‒ «Лічбавая эканоміка. Выклікі глабальнай трансфармацыі». На працягу трох дзён «гуру» лічбавізацыі, інаватары, незалежныя эксперты, прадстаўнікі дзяржорганаў і бізнесу абмяркоўвалі, як тэхналогіі мяняюць жыццё грамадства і падыходы да кіравання.