Вход
У ЕАЭС распрацоўваюць «дарожную карту» па развіцці статыстыкі знешняга і ўзаемнага гандлю да 2025 года

У ЕАЭС распрацоўваюць «дарожную карту» па развіцці статыстыкі знешняга і ўзаемнага гандлю да 2025 года

19.11.2019

На міжнародным семінары па пытаннях статыстыкі міжнароднага гандлю таварамі (СМГТ), які прайшоў у Нур-Султане (Рэспубліка Казахстан), экспертная супольнасць ухваліла праект «дарожнай карты» па развіцці статыстыкі знешняга і ўзаемнага гандлю таварамі ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) да 2025 года.

Як адзначыў у прывітальным слове член Калегіі (міністр) па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Глазьеў, глабальная лічбавая трансфармацыя аказвае істотны ўплыў на статыстыку міжнароднага гандлю таварамі. 

 «Нам неабходна забяспечыць укараненне новых інструментаў статыстычнага назірання інтэграцыйных працэсаў, якія развіваюцца, сфарміраваць надзейны статыстычны падмурак. Гэта будзе спрыяць прыняццю ключавых кіраўнічых рашэнняў у рамках рэалізацыі комплекснай Стратэгіі развіцця еўразійскай інтэграцыі», - сказаў Сяргей Глазьеў.

Удзельнікі семінара – вядучыя міжнародныя эксперты з дзяржаў ЕАЭС, а таксама краін Цэнтральнай Азіі і Ўсходняй Еўропы – абмеркавалі вынікі фарсайт-даследавання Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта «Вышэйшая школа эканомікі» (Расійская Федэрацыя) аб перспектывах развіцця СМГТ у кантэксце змянення тэхналагічных і светагаспадарчых укладаў і звязаных з гэтым працэсаў глабальнай лічбавай трансфармацыі.

Эксперты высока ацанілі прадстаўленыя навуковыя падыходы да вызначэння контураў будучага СМГТ і адзначылі важнасць далейшага развіцця статыстычных інструментаў фарміравання паказчыкаў гандлю, у тым ліку, па дабаўленай вартасці, для больш дакладнага пазіцыянавання дзяржаў-членаў ЕАЭС у глабальнай эканоміцы. Акрамя таго, яны падкрэслілі, што трэба пераадольваць міжведамасную раз'яднанасць у фарміраванні статыстычных дадзеных на аснове агульных лічбавых працэсаў, а таксама выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы дадзеных для павышэння паўнаты, дакладнасці, аператыўнасці дадзеных СМГТ, іх большай дэталізацыі.

Удзельнікі абмеркавання ўхвалілі праект «дарожнай карты» па развіцці статыстыкі знешняга і ўзаемнага гандлю таварамі ў ЕАЭС на перыяд да 2025 года з акцэнтам на тое, што асноўныя мерапрыемствы праекта ў поўнай меры адпавядаюць сусветнаму статыстычнаму парадку ў галіне СМГТ.

Старшыня Камітэта па статыстыцы Міністэрства нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Казахстан Нурбалат Айдапкелаў, у сваю чаргу, падкрэсліў, што паспяховы міжнародны гандаль з'яўляецца гарантыяй устойлівага эканамічнага росту любой краіны. «Дзяржаве патрэбны актуальныя і надзейныя статыстычныя дадзеныя. Задача пошуку альтэрнатыўных крыніц і метадаў вымярэння ва ўмовах росту прымянення новых тэхналогій і анлайн-транзакцый у міжнародным гандлі пастаўлена вельмі своечасова», – сказаў ён.

Дадзеныя аб міжнародным гандлі заўсёды карыстаюцца высокім попытам, і таму краіны выкарыстоўваюць усе існуючыя магчымасці для іх якаснага збору. На гэты факт звярнуў увагу начальнік сектара статыстыкі гандлю і прамысловасці Статыстычнага аддзела ААН Маркі Мур'яван. 

«Глабалізацыя, якая суправаджаецца развіццём глабальных ланцужкоў стварэння вартасці, цыфравізацыя гандлёвых аперацый і рост электроннай камерцыі, як і неабходнасць маніторынгу дасягнення Мэт у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, вымушаюць статыстыкаў пераасэнсаваць актуальнасць статыстычных вынікаў і даследаваць новыя крыніцы дадзеных, каб адпавядаць новым патрэбам», - адзначыў ён.

«Спадзяемся, што намаганні ЕЭК па фарміраванні стратэгічнага плана дзеянняў у сферы статыстыкі знешняга і ўзаемнага гандлю на еўразійскай прасторы нададуць новы імпульс развіццю канструктыўнага міжведамаснага і міждзяржаўнага ўзаемадзеяння пры яго рэалізацыі», – адзначыла ў заключэнне намеснік дырэктара Дэпартамента статыстыкі ЕЭК Алена Барушка.

Семінар такога фармату арганізаваны Еўразійскай эканамічнай камісіяй упершыню пры падтрымцы Статыстычнага аддзела ААН і Камітэта па статыстыцы Міністэрства нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Казахстан.

 

Даведка

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел эксперты Статыстычнага аддзела ААН, ЮНКТАД, Сусветнай мытнай арганізацыі, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Сусветнай асацыяцыі вытворцаў сталі, а таксама прадстаўнікі ўпаўнаважаных органаў у галіне статыстыкі знешняга гандлю таварамі ў Рэспубліцы Арменія, Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліцы Казахстан, Кыргызскай Рэспубліцы, Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Таджыкістан, Рэспубліцы Узбекістан, Украіне і Малдове, Кітаі і Мексіцы.

Больш падрабязная інфармацыя аб семінары даступна па спасылках:

http://www.eurasiancommission.org/ru/act/integr_i_makroec/dep_stat/events/IMTS2019/

https://unstats.un.org/unsd/trade/events/2019/Kazakhstan/default.asp​