Вход
Вызначаны пераможцы паўфіналу конкурсу «Еўразійскія лічбавыя платформы» ў Рэспубліцы Беларусь

Вызначаны пераможцы паўфіналу конкурсу «Еўразійскія лічбавыя платформы» ў Рэспубліцы Беларусь

18.05.2018

Пераможцамі беларускага паўфіналу штогадовага Міжнароднага конкурсу інавацыйных праектаў «Еўразійскія лічбавыя платформы» сталі чатыры распрацоўкі. Гэта лічбавая сістэма ранняй дыягностыкі захворванняў лёгкіх «Лёгкае дыханне», рашэнне для спрашчэння экспартна-імпартных разлікаў і прыцягнення фінансавання «Еўразійская факторынгавая платформа», сістэма сертыфікацыі тавараў, паслуг, працэсаў «СертЧэйн» і праект «ПР Адукацыя», закліканы фарміраваць у дзяцей устойлівую звычку да працэсу навучання.
 
Паўфінал конкурсу адбыўся 16–17 мая на XXV Міжнародным форуме па iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогіях TIБO-2018.
 
Адкрываючы паўфінал, член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогіях Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Карынэ Мiнасян пажадала ўсім удзельнікам конкурсу захаваць веру ў ідэі, якія яны заклалі ў свае праекты, і выказала ўпэўненасць, што гэта абавязкова прывядзе да дасягнення пастаўленых мэтаў.
 
Удзел у конкурсе «Еўразійскія лічбавыя платформы» прынялі 29 кампаній з Рэспублікі Беларусь. 25 праектаў выйшлі ў адборачны тур, 11 – у паўфінал. Ацэньвалі заяўкі больш за 100 членаў Экспертнай пляцоўкі і журы конкурсу – венчурныя інвестары, лічбавыя візіянеры, прадстаўнікі навукі і бізнэсу па пытаннях лічбавай эканомікі, чыноўнікі з усіх краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), прадстаўнікі ЕЭК. Па выніках гэтай экспертнай работы пераможцамі па Рэспубліцы Беларусь былі прызнаныя праекты «Лёгкае дыханне», «Еўразійская факторынгавая платформа», «СертЧэйн» і «ПР Адукацыя».
 
Праект «Лёгкае дыханне» накіраваны на стварэнне лічбавай платформы для масавай дыстанцыйнай дыягностыкі лёгкіх. Ён прадугледжвае вытворчасць тэлемедыцынскіх гаджэтаў для камфортнага даследавання вентыляцыі і крывацёку лёгкіх, стварэнне мабільных прыкладанняў для візуалізацыі і тэлетрансляцыі персанальных дадзеных, праектаванне сеткі лічбавых платформаў для масавага збору і апрацоўкі дадзеных па рэгіёнах ЕАЭС, арганізацыю web-сэрвісу па аказанні кансультацый і медыцынскай дапамогі. У ліку бліжэйшых задач кіраўнік праекта, к.т.н. Валянцін Ярмалінскi бачыць стварэнне пульмагаджэта з функцыямі web-камунікацыі (Bluetooth, WiFi, iOT) і галасавога памочніка, распрацоўку алгарытмаў і праграм аўтаматычнай апрацоўкі і інтэрпрэтацыі электрафізіялагічных сігналаў.
 
Праект «Еўразійская факторынгавая платформа» прадугледжвае стварэнне лічбавай інтэграцыйнай платформы развіцця і фінансавання ўзаемнага гандлю дзяржаў-членаў ЕАЭС. Рашэнне забяспечвае поўны цыкл і нагляд за ўсімi стадыямi лічбавай здзелкі паміж пастаўшчыком і пакупніком, падтрымлівае як унутраны, так і трансгранічны факторынг, паскарае аперацыі, зніжае рызыкі пастаўшчыкоў і дазваляе ім хутка папаўняць абаротны капітал. Заснавальнік праекта, к.э.н. Васіль Вуглоў адзначыў, што «Еўразійская факторынгавая платформа» не накіравана на атрыманне прыбытку: у якасці крыніцы даходаў для падтрымання яе працы і развіцця прадугледжваецца камісія ў 0,03% з кожнай транзакцыі.
 
Праект «СертЧэйн» уяўляе сабой web-платформу для хуткай сертыфікацыі прадуктаў, паслуг і працэсаў з інтэграцыяй у блокчэйн для абароны сапраўднасці, захоўвання і выключэння падробкі сертыфікатаў. Ён прадугледжвае інтэграцыю працэсаў сертыфікацыі з ланцужкамі паставак, забяспечвае ўзаемадзеянне рэгулятараў і суб'ектаў гаспадарання. Праект рэалізуецца камандай кампаніі «Ізі-Штандарт», у якой – пяцігадовы вопыт еўразійскай і міжнароднай сертыфікацыі. Па словах CEO праекта Андрэя Цыгана, новая платформа «СертЧэйн» цяпер знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі і тэстыравання. За 2018 год у яе плануецца ўцягнуць не менш за 70 пілотных праектаў, 100 аўдытараў і 30 сертыфікавальных органаў.
 
Праект «ПР Адукацыя» ўяўляе сабой вытворчасць «разумных планшэтаў», якія дазваляюць фарміраваць у дзіцяці ўстойлівую звычку да працэсу навучання, абараніць ад неспрыяльнага ўплыву інтэрнэту і паклапаціцца пра дзіцячае здароўе. Кожны планшэт пры дапамозе нейронавых сетак, штучнага інтэлекту і праграмы распазнання асоб усталёўвае ўзрост, пол, эмоцыі дзіцяці, вызначае цікавасць, якую яно праяўляе да кантэнту, і дазваляе аптымальна падбіраць і фільтраваць яго. Пры гэтым кантралюецца бяспечная дыстанцыя прагляду, забяспечваюцца дыстанцыйнае кіраванне і маніторынг дзеянняў дзіцяці бацькамі. Як паведаміў сузаснавальнік праекту Сяргей Кур'ян, да цяперашняга часу падпісана 15 пагадненняў аб намерах набыць 5000 планшэтаў. Першую партыю планшэтаў мяркуецца выпусціць у другім квартале 2018 года.
 
Пераможцы паўфіналу змогуць прыняць удзел у фінале конкурсу, які адбудзецца ў канцы кастрычніка ў рамках Міжнароднага выставачнага форуму «Еўразійскi тыдзень» у Ерэване.
 
Штогадовы Міжнародны конкурс інавацыйных праектаў «Еўразійскія лічбавыя платформы» арганізаваны Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Ён закліканы выявіць кампаніі і праекты, здольныя ўнесці значны ўклад у развіццё лічбавага асяроддзя ўзаемадзеяння на аснове інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС з улікам рэалізацыі Асноўных напрамкаў лічбавага парадка Саюза. На ўдзел у конкурсе ўжо пададзена больш за 250 заявак з усіх краін ЕАЭС. Паўфіналы праходзяць на вядучых дзелавых форумах у кожнай з дзяржаў-членаў.