Вход
Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян: «Адзіны магчымы шлях прагрэсу – займацца лічбавай трансфармацыяй цяпер і ў праектным рэжыме»

Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян: «Адзіны магчымы шлях прагрэсу – займацца лічбавай трансфармацыяй цяпер і ў праектным рэжыме»

18.04.2017

Аб чаканых эфектах ад «цыфравізацыі» эканомік краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) расказала член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Карынэ Мінасян на Міжнародным ІКТ форуме TIBO 17 красавіка ў Мінску.

Падчас выступлення на пленарнай дыскусіі «Стратэгія лічбавай трансфармацыі» Карынэ Мінасян адзначыла, што пры ўмове запуску і рэалізацыі сумесных і нацыянальных прарыўных праектных і нарматыўна-прававых ініцыятыў у ЕАЭС доля лічбавай эканомікі ў ВУП краін Саюза можа скласці не менш за 30%, штогадовы ўнёсак лічбавай эканомікі ў рост ВУП – не менш за 30%, каля паловы працаздольнага насельніцтва будзе ўцягнута ў лічбавую эканоміку. Акрамя таго, «цыфравізацыя» можа забяспечыць не менш за 30% росту прадукцыйнасці па прыярытэтных галінах і агульных рынках, доля экспарту лічбавых тавараў і паслуг, а таксама экспарту традыцыйных тавараў і паслуг з дапамогай лічбавых каналаў у агульным экспарце – не менш за 20%.

«Гэтыя лічбы – тая мінімальная планка, якую мы павінны пераступіць да 2025 года, – падкрэсліла міністр ЕЭК. – Спадзяюся, падчас абмеркавання краіны сумесна дамовяцца аб больш амбітных мэтавых паказчыках трансфармацыі. Адзіны магчымы шлях прагрэсу – гэта займацца лічбавай трансфармацыяй ужо цяпер і ў праектным рэжыме». 

Сярод асноўных напрамкаў рэалізацыі лічбавай павесткі ключавымі становяцца пытанні лічбавай трансфармацыі галін эканомікі і крос-галіновай трансфармацыі, развіцця лічбавых інфраструктур і забеспячэнне бяспекі, лічбавай трансфармацыі рынкаў тавараў і паслуг, капіталу і працоўнай сілы, працэсаў кіравання і інтэграцыйных працэсаў. 

Асноўныя напрамкі распрацаваны з улікам далейшага паглыблення эканамічнай інтэграцыі і неабходнасці павышэння канкурэнтаздольнасці эканомік дзяржаў Саюза.

У пленарнай дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі краін-членаў Усходняга партнёрства: Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, Кітая і іншых. А таксама спецыялісты міжнародных арганізацый: Еўрапейскай камісіі, Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі, Сусветнага банка, Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, Еўразійскай эканамічнай камісіі і г.д.

Даведка
Лічбавая трансфармацыя з'яўляецца адным з асноўных прыярытэтаў Камісіі ў 2017 годзе. 

26 снежня 2016 года ў рамках чарговага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета кіраўнікі дзяржаў-членаў падпісалі Заяву аб лічбавай павестцы ЕАЭС, у якой адзначаны мэты і механізмы рэалізацыі лічбавай павесткі. Таксама было адобрана рашэнне «Аб фарміраванні лічбавай павесткі ЕАЭС», у адпаведнасці з якім дадзена даручэнне ўрадам краін Саюза сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй да 1 снежня 2017 года распрацаваць і прадставіць для разгляду Еўразійскім міжурадавым саветам асноўныя напрамкі рэалізацыі лічбавай павесткі ЕАЭС да 2025 года. 

Рашэннем Міжурадавага савета ЕАЭС ад 7 сакавіка 2017 года будзе створана рабочая група высокага ўзроўню па падрыхтоўцы асноўных напрамкаў рэалізацыі лічбавай павесткі Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года пад кіраўніцтвам Старшыні Калегіі ЕЭК Тыграна Саркісяна з удзелам «лічбавых» міністраў краін Саюза.