Вход
Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян заклікала краіны Еўразійскага эканамічнага саюза ствараць лічбавыя платформы для забеспячэння кібербяспекі

Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян заклікала краіны Еўразійскага эканамічнага саюза ствараць лічбавыя платформы для забеспячэння кібербяспекі

17.10.2016

14 кастрычніка ў Ерэване член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях Еўразійскай эканамічнай камісіі Карынэ Мінасян узняла пытанне, на якіх платформах будуць працаваць, прадаваць сваю прадукцыю і выходзіць на знешнія рынкі прадпрыемствы Еўразійскага эканамічнага саюза.

Паводле ацэнак вядучых даследчыкаў у сферы ІКТ, да 2020 года 25% глабальнага ВУП будзе стварацца ў сферы лічбавай эканомікі. «Калі мы бачым гэтыя лічбы, разумеем, што мы пакуль у ЕАЭС падобны парадак пераходу да лічбавай эканомікі не сфарміравалі. А што азначае фарміраванне лічбавай эканомікі? – Гэта менавіта перавод рэальных аб'ектаў у лічбавыя вобразы і іх узаемадзеянне ў лічбавай прасторы», – адзначыла спікер ЕЭК падчас дыскусіі на пленарным пасяджэнні Першага міжнароднага форуму Еўразійскага партнёрства (МФЕП).

На думку міністра, краіны Еўразійскага эканамічнага саюза павінны самастойна ствараць лічбавыя платформы або далучыцца да іншых для забеспячэння кібербяспекі дзяржаў-членаў. Паводле статыстыкі РФ, 90% знешняга гандлю арганізуе кітайская платформа Alibaba. Праз яе і праз лічбавыя каналы пасылак 90% тавараў паступаюць у Расію патокамі, якія  не кантралююцца. «Гэта значыць, што ўсе дадзеныя аб тым, што спажываюць людзі, якія ў іх перавагі, як і якія галіны далей трэба развіваць, – аб ўсім гэтым інфармацыя накапліваецца на тых платформах, праз якія прадаюцца прадукты і рэалізоўваюцца паслугі», – рэзюмавала міністр ЕЭК.

Невялікія краіны, такія, як Арменія, самастойна ствараць і рэалізоўваць падобныя праекты не могуць. Таму дзяржавам Еўразійскага эканамічнага саюза неабходна аб'яднаць намаганні, ствараць сумесныя актывы, разам выходзіць на рынкі, выбудоўваць лічбавую эканоміку ведаў, эканоміку «ўберызацыі». «Мы бачым, як мяняюцца ўпраўленчыя бізнес-мадэлі, якія становяцца рэальна эфектыўнымі і выціскаюць пасрэднікаў – вельмі вялікую частку бізнесу нашых краін. Мы павінны самастойна ствараць або ўдзельнічаць у такіх актывах, каб ніхто не «выключаў» ніякія рубільнікі, каб забяспечыць лічбавы суверэнітэт нашых краін», – заявіла міністр ЕЭК.

Карынэ Мінасян адзначыла, што ў Еўразійскай эканамічнай камісіі створана рабочая група з 254 чалавек. Яна ўжо выпрацавала першыя падыходы да фарміравання лічбавага парадку Саюза, які плануецца абмеркаваць на пасяджэнні 27 кастрычніка ў рамках першага міжнароднага выставачнага форуму «Еўразійскі тыдзень» у Маскве. На парадку дня – стварэнне адзінага лічбавага рынку Саюза. «Мы павінны думаць над тым, каб сумеснымі намаганнямі выходзіць на знешні рынак. У рамках канферэнцыі на «Еўразійскім тыдні» плануецца падпісанне дэкларацыі аб прыхільнасці фарміраванню лічбавага парадку Еўразійскага саюза і прасоўвання гэтых пытанняў на нашай еўразійскай прасторы», – падкрэсліла Карынэ Мінасян. 

Міністр ЕЭК сказала, што з гэтага года Камісія стала праводзіць палітыку па ліквідацыі перашкодаў і абмежаванняў на ўнутраным рынку Саюза. У прыватнасці, створана сістэма, у рамках якой пры выяўленні бар'ераў і звароце краіны-ўдзельніцы ў Камісію ЕЭК разглядае пытанні і пачынае працэс вырашэння спрэчак. «Хацела сказаць прадстаўнікам бізнесу Расіі і Арменіі: калі існуюць праблемы на ўнутраным рынку, мы гатовыя іх разглядаць і прымаць рашэнні. У нас ёсць ужо станоўчыя вынікі», – сказала на заканчэнне Карынэ Мінасян.

Мэта Першага міжнароднага форуму Еўразійскага партнёрства – развіццё інтэграцыйных працэсаў двухбаковага і шматбаковага гандлёва-эканамічнага партнёрства на еўразійскай прасторы.

На парадку дня – пытанні эканомікі, сітуацыя ў інвестыцыйным асяроддзі, механізмы падтрымкі бізнесу і перспектывы тэхналагічнага супрацоўніцтва.

У форуме, які працягнецца два дні, прымаюць удзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады краін-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, кіраўнікі буйнога бізнесу, банкаў, інвестыцыйных кампаній, грамадскіх і міжнародных арганізацый, вядучыя навукоўцы і эксперты з краін свету.