Вход
ЕЭК пашырае супрацоўніцтва з ФАО па пытаннях аграрнай палітыкі і харчовай бяспекі

ЕЭК пашырае супрацоўніцтва з ФАО па пытаннях аграрнай палітыкі і харчовай бяспекі

14.08.2019

План сумесных мерапрыемстваў Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) і Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАО) на 2019-2023 гады прыняты 14 жніўня ў Будапешце (Венгрыя) падчас сустрэчы члена Калегіі (міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Аляксандра Субоціна з намеснікам генеральнага дырэктара ФАО, рэгіянальным прадстаўніком па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Уладзімірам Рахманіным.

У сустрэчы прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Венгрыі Аляксандр Панамароў, Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Венгрыі Нурбах Рустэмаў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Венгрыі Уладзімір Сяргееў.

Рэалізацыя плана мерапрыемстваў будзе спрыяць пашырэнню практычнага супрацоўніцтва з ФАО па пытаннях аграрнай палітыкі і харчовай бяспекі. Прыярытэтнымі напрамкамі сумеснай працы вызначаны раслінаводства і абарона раслін, жывёлагадоўля і ахова здароўя жывёл, харчовая палітыка, а таксама правядзенне сумесных даследаванняў у галіне найноўшых аграрных тэхналогій.

Актыўнае ўзаемадзеянне з ФАО ў рамках гэтых напрамкаў дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, развіць кааперацыю ў сельскай гаспадарцы шляхам укаранення інавацый, уцягнуць няўрадавыя арганізацыі ў працэс прыняцця рашэнняў у сферы харчовай бяспекі. Вынікам супрацоўніцтва стане таксама распрацоўка новых і перагляд дзеючых стандартаў па фітасанітарных мерах, развіццё біятэхналогій і селекцыі сельскагаспадарчых раслін і жывёл, павышэнне ўзроўню бяспекі харчовых прадуктаў дзяржаў-членаў, пашырэнне аграрна-харчовага экспарту.

Аляксандр Субоцін выказаў упэўненасць, што «рэалізацыя плана мерапрыемстваў паслужыць добрай асновай для выкарыстання перадавога вопыту ў рамках розных напрамкаў узгодненай аграпрамысловай палітыкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза».

Міністр ЕЭК распавёў аб асноўных напрамках аграрнай палітыкі дзяржаў-членаў, адзначыўшы важнасць узаемадзеяння для фарміравання адзіных правілаў ветэрынарнага і фітасанітарнага кантролю ў рамках ЕАЭС. Аляксандр Субоцін заклікаў ФАО актыўна садзейнічаць забеспячэнню ветэрынарнай і фітасанітарнай бяспекі за межамі Саюза.

Бакі абмеркавалі пытанні практычнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцяў у рамках дзеючага Мемарандума аб узаемаразуменні паміж ЕЭК і ФАО. Уладзімір Рахманін выказаўся за пашырэнне супрацоўніцтва з краінамі Еўразійскага рэгіёну, праінфармаваў аб асноўных напрамках працы ФАО з краінамі ЕАЭС, а таксама аб найбольш важных мерапрыемствах, запланаваных у бягучым годзе.