Вход
Стартавала “Летняя школа” для маладых экспертаў і журналістаў краін ЕАЭС

Стартавала “Летняя школа” для маладых экспертаў і журналістаў краін ЕАЭС

14.07.2015

13 ліпеня ў Маскве Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка, генеральны дырэктар Расійскага савета па міжнародных справах (РСМС) Андрэй Картуноў і Член Калегіі (Міністр) ЕЭК Карынэ Мінасян адкрылі заняткі ў “Летняй школе” для маладых экспертаў і журналістаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), прысвечаныя прыярытэтам, перспектывам і інструментам еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.


Навучанне ў летняй школе будзе доўжыцца тыдзень. Прадстаўнікі экспертнай супольнасці атрымаюць паўнавартаснае ўяўленне пра еўразійскае эканамічнае аб'яднанне – ад гісторыі стварэння інтэграцыйнага аб'яднання да сучаснага стану і перспектыў развіцця, пазнаёмяцца з маштабнымі праектамі па стварэнні агульных і адзіных галіновых рынкаў, правядзенні скаардынаваных, узгодненых, агульных і адзіных палітык у розных галінах эканомікі. Падчас навучання ўдзельнікі разгледзяць інстытуты, механізмы інтэграцыі і ўжывальныя практыкі.


Сярод удзельнікаў праекта – маладыя навукоўцы, эксперты і журналісты Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі, якія прафесійна вывучаюць праблематыку еўразійскай інтэграцыі. Адбор у летнюю школу адбываўся на конкурснай аснове прадстаўнікамі РСМС і ЕЭК. Сярэдні ўзрост удзельнікаў – каля 30 гадоў.


На адкрыцці “Летняй школы” Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка падкрэсліў, што галоўнай падзеяй на еўразійскай прасторы ў пачатку гэтага года стала ўступленне ў сілу Дагавора аб ЕАЭС, у адпаведнасці з якім цяпер вядзецца ўся праца Камісіі і Саюза. Па словах Віктара Хрысценкі, выбудоўванне адзінага рынку як крыніцы для развіцця краін Саюза асабліва важна ў перыяд няпростай эканамічнай кан'юнктуры.


У гэтай сувязі Віктар Хрысценка, у прыватнасці, сказаў: “цяжкасці, якія, безумоўна, ёсць і з якімі мы сутыкаемся сёння, гэта не вынік інтэграцыі. Яны звязаныя з недастатковай інтэграцыяй, і гэта істотная праблема. І кожная недастаткова інтэграваная частка агульнага працэсу – ракавая клетка, якая, калі яе своечасова не ліквідаваць, пагражае ператварыцца ў пухліну. Перакананы, што гэтага не адбудзецца. Спадзяюся, што і па леках, і па медыцынскіх вырабах, і па алкаголі, і па нафце і газу, як і па шэрагу іншых адчувальных тэм, мы зможам ліквідаваць выключэнні”. Па словах Старшыні Калегіі ЕЭК, пабудова інтэграцыйнага аб'яднання  “гэта заўсёды шанец для таго, каб пабудаваць нормы на новым узроўні, больш высокай якасці, з пераадоленнем нацыянальнага або вузкагаліновага лабізму”.


Старшыня Калегіі ЕЭК адзначыў, што для таго, каб ажыццявіць глыбокую інтэграцыю, вызначаныя канкрэтныя крокі і тэрміны дасягнення пастаўленых мэтаў. Тычацца яны і тарыфнай абароны, і прыняцця нормаў тэхнічнага рэгулявання і іншых пазіцый. Напрыклад, задачу правядзення ў Саюзе скаардынаванай энергапалітыкі і фарміравання агульных энергарынкаў на базе агульных прынцыпаў мяркуецца рэалізаваць у некалькі этапаў. Спачатку з 2019 года плануецца запусціць агульны электраэнергетычны рынак, затым з 2025 года – рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў.


“На прыкладзе Еўрасаюза бачныя ўсе “плюсы” і “мінусы” інтэграцыі. У гэтым стасунку паказальная сітуацыя з Грэцыяй. Памылка ЕАЭС – пашырэнне ў шкоду паглыбленню. Наша задача – не паўтарыць памылак. Нашы прэзідэнты заўсёды падкрэсліваюць, што ЕАЭС – гэта эканамічны саюз”,– заявіў Віктар Хрысценка.


Генеральны дырэктар РСМС Андрэй Картуноў адзначыў, што тэматыка і фармат “школы” шмат у чым унікальныя. “Экспертам важна з першых вуснаў даведацца, як ідзе працэс еўразійскай інтэграцыі, – сказаў прадстаўнік РСМС.– А ў краінах Саюза важна падняць ўзровень дыскусіі на гэтую тэму ў экспертнай і акадэмічнай суполках”.


Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян у звароце да маладых экспертаў прапанавала: “Неабходна глядзець на еўразійскую эканамічную прастору праз прызму лічбавай эканомікі. Бо мы хочам, каб на прасторы ЕАЭС выбудоўваліся інавацыйныя мадэлі кіравання дзяржавай і бізнесам, заснаваныя на лічбавых тэхналогіях іх узаемаадносін, а таксама лічбавыя транспартна-лагістычныя калідоры. Так, для Арменіі, якая не мае з Саюзам агульных сухапутных межаў, гэта вельмі важна.


На думку Карынэ Мінасян, сярод эфектаў, якія перш за ўсё прыцягнулі Арменію ў праекце еўразійскай інтэграцыі, магчымасць доступу да рынкаў, якія прадугледжваюць ўвесь комплекс рэгуляторных нормаў, што сціраюць бар'еры на шляху руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, а таксама раўнапраўе і роўнапрадстаўленасць удзельнікаў у праекце.


З 13 па 18 ліпеня ўдзельнікі “Летняй школы” маюць асвоіць насычаную ведамі па еўразійскай інтэграцыі адукацыйную праграму. У ёй будуць выкарыстаныя розныя фарматы навучання: лекцыі, майстар-класы, круглыя сталы, семінары па развіцці аналітычных навыкаў, трэнінгі па развіцці навыкаў падрыхтоўкі прэзентацый і г.д.


Мерапрыемства ладзіцца ў межах сістэмнай работы Камісіі з экспертнай супольнасцю дзяржаў ЕАЭС, у адпаведнасці з прынцыпамі адкрытасці і празрыстасці дзейнасці ЕЭК. Праект накіраваны на пашырэнне разумення працэсаў еўразійскай эканамічнай інтэграцыі ў экспертным асяроддзі, павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння ЕЭК з экспертнай і медыя-супольнасцю.


На аснове атрыманых ведаў удзельнікі “школы” распрацуюць і прадставяць у ЕЭК і РСМС сваё бачанне далейшага развіцця еўразійскай інтэграцыі. Найлепшыя прапановы могуць быць выкарыстаныя ў практычнай рабоце Камісіі.