Вход
Сумесная заява членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў сувязі з пандэміяй COVID-19

Сумесная заява членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў сувязі з пандэміяй COVID-19

14.04.2020

Мы, члены Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета,

 улічваючы цесныя палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя і гістарычныя сувязі паміж нашымі краінамі,

пацвярджаючы прыхільнасць да мэт і прынцыпаў, замацаваных у Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года,

прымаючы пад увагу, што каранавірусная інфекцыя COVID-19, абвешчаная Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пандэміяй і ахарактарызаваная як надзвычайная сітуацыя ў галіне грамадскай аховы здароўя, якая мае міжнароднае значэнне, вядзе да істотнага зніжэння мабільнасці насельніцтва, ускладняе гандаль таварамі і паслугамі, выклікае валацільнасць на глабальных фінансавых і сыравінных рынках, стварае рызыкі дэзінтэграцыі для сусветнай і рэгіянальных эканомік,

 падкрэсліваючы важнасць падтрымкі грамадзян нашых дзяржаў і калектыўных намаганняў сусветнай супольнасці па забеспячэнні здароўя і дабрабыту людзей ва ўмовах пандэміі COVID-19 і змякчэнні негатыўных наступстваў для эканомікі,

 выказваючы рашучасць аб'яднаць намаганні для сумеснага супрацьстаяння гэтай агульнай пагрозе,

 заяўляем аб наступным:

Пацвярджаем гатоўнасць да працягу згуртаванай працы для ліквідацыі негатыўных наступстваў пандэміі COVID-19, захавання дасягнутага ўзроўню інтэграцыйнага супрацоўніцтва і далейшага эканамічнага развіцця дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, забеспячэння сацыяльнай і макраэканамічнай стабільнасці ў нашых краінах, падтрымання дзелавой і інвестыцыйнай актыўнасці.

Цвёрда перакананы, што барацьба з пандэміяй COVID-19 не павінна прыводзіць да разрыву напрацаваных кааперацыйных сувязяў, прыпынення міжнароднага гандлю, спынення інвестыцыйнай дзейнасці.

Заклікаем усе дзяржавы падтрымліваць міжнароднае супрацоўніцтва, умацоўваць давер, спыніць узброеныя канфлікты, гандлёвыя войны, аднабаковыя фінансавыя і эканамічныя санкцыі і няўхільна прытрымлівацца норм міжнароднага права.

Выступаем за адзінства міжнароднай супольнасці і стабільнасць сусветнай эканомікі, захаванне прынцыпу свабоды перамяшчэння тавараў, уключаючы сацыяльна значныя тавары, прадукты харчавання, медыцынскае абсталяванне і прэпараты, медыцынскія сродкі індывідуальнай абароны.  Меры аператыўнага і сістэмнага характару, якія прымаюцца нашымі дзяржавамі, накіраваны на змякчэнне ўздзеяння пандэміі COVID-19 на эканомікі нашых краін і забеспячэнне функцыянавання адзінай эканамічнай прасторы.  Зыходзім з таго, што ўведзеныя ва ўсім свеце абмежаванні, выкліканыя пандэміяй COVID-19, з'яўляюцца вымушанай мерай і са зняццем пагроз для жыцця і здароўя людзей будуць адменены.

У рамках барацьбы з пандэміяй COVID-19 мы нацэлены працягваць аказваць неабходнае садзейнічанне адзін аднаму, умацоўваць сістэмы аховы здароўя, праводзіць сумесныя навуковыя даследаванні ў галіне распрацоўкі сродкаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння інфекцый, удасканальваць алгарытмы ўзаемадзеяння пры рэагаванні на эпідэміі.

Даручаем урадам, цэнтральным (нацыянальным) банкам дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўразійскай эканамічнай камісіі ажыццяўляць скаардынаваныя меры па прафілактыцы і прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVID-19, умацаванні нашага эканамічнага супрацоўніцтва, захаванні стабільнасці функцыянавання ўнутраных, у тым ліку харчовага, рынкаў, падтрымцы грамадзян нашых дзяржаў і бізнесу для пераадолення негатыўных наступстваў пандэміі COVID-19.

Мы цвёрда ўпэўнены ў тым, што перавагі інтэграцыі дапамогуць нашым краінам і народам з годнасцю справіцца з гэтым выпрабаваннем.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня ВЕЭС А.Р. Лукашэнка

Прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія, Член ВЕЭС Н.В. Пашынян

 Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан, Член ВЕЭС К.К. Такаеў

 Прэзідэнт Кыргызскай Рэспублікі, Член ВЕЭС С.Ш. Жээнбекаў

 Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, Член ВЕЭС Ул.Ул. Пуцін