Вход
Эфекты ад інтэграцыі фінансавых рынкаў да 2025 года: рост інвестыцыйнай прывабнасці дзяржаў ЕАЭС, павышэнне даходаў бізнесу і павелічэнне адлічэнняў у бюджэты

Эфекты ад інтэграцыі фінансавых рынкаў да 2025 года: рост інвестыцыйнай прывабнасці дзяржаў ЕАЭС, павышэнне даходаў бізнесу і павелічэнне адлічэнняў у бюджэты

14.06.2018

Фарміраванне агульнага фінансавага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і перспектывы яго развіцця абмеркавалі кіраўнікі нацыянальных/цэнтральных банкаў дзяржаў ЕАЭС на Міжнародным фінансавым кангрэсе, які адбыўся ў Санкт-Пецярбургу.

Фарміраванне агульнага фінансавага рынку дасць магчымасць стварыць умовы для свабоднага руху фінансавых паслуг і капіталу ўнутры ЕАЭС, забяспечыць эфектыўную абарону інвестараў і спажыўцоў фінансавых паслуг, пашырыць спектр гэтых паслуг і іх даступнасць для насельніцтва», – адзначыў член Калегіі (міністр) па эканоміцы і фінансавай палітыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Цімур Жаксылыкаў, які выступіў мадэратарам круглага стала «Адзіны фінансавы рынак ЕАЭС: параметры развіцця».

Зніжэнне адміністрацыйных бар'ераў, наладжванне інфармацыйнага абмену, пашырэнне кліенцкай базы для ўдзельнікаў фінансавага рынку і павелічэнне рэнтабельнасці інвестыцыйнага бізнесу прывядуць да павелічэння даходнасці на фінансавым рынку. У выніку вырасце інвестыцыйная прывабнасць дзяржаў ЕАЭС, павысяцца даходы бізнесу, павялічацца адлічэнні ў бюджэты.

Па словах міністра ЕЭК, зараз ідзе актыўная сумесная праца ЕЭК з урадамі і нацыянальнымі/цэнтральнымі банкамі краін Саюза па падрыхтоўцы праекта Канцэпцыі фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС. Такое даручэнне прэзідэнты дзяржаў ЕАЭС далі ў снежні 2016 года. «Вельмі разлічваю на тое, што нам удасца ў бліжэйшы час знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні і прадставіць нашым прэзідэнтам узгоднены праект дакумента», – падкрэсліў Цімур Жаксылыкаў.

Ён таксама назваў іншыя дакументы па фарміраванні агульнага фінансавага рынку дзяржаў Саюза, распрацаваныя ЕЭК. Гэта праект Пагаднення аб гарманізацыі заканадаўства ў сферы фінансавага рынку, па якім нядаўна завершаны ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, Пагадненне аб абмене інфармацыяй у фінансавай сферы, якое ўступіла ў сілу ў кастрычніку 2016 года, праекты пагадненняў па стварэнні Адзінай біржавой прасторы. Рэалізацыя гэтых пагадненняў будзе спрыяць паглыбленню ўзаемадзеяння фінансавых сістэм дзяржаў Саюза і фарміраванню агульнага фінансавага рынку.

Член Калегіі (міністр) па інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Таццяна Валавая акцэнтавала увагу ўдзельнікаў дыскусіі на тым, што мэтай інтэграцыйных працэсаў з'яўляецца фарміраванне агульных рынкаў, у тым ліку фінансавага рынку, і механізмаў, якія забяспечваюць іх эфектыўнае функцыянаванне і ўлічваюць асаблівасці нацыянальных эканомік. У гэтай сувязі Таццяна Валавая прывяла шэраг аргументаў на карысць узмацнення каардынацыі макраэканамічнай палітыкі і пракаментавала прапановы ўвесці агульную для дзяржаў-членаў ЕАЭС валюту, якія перыядычна з'яўляюцца ў СМІ.

На думку міністра ЕЭК, на бягучым этапе інтэграцыі няма сур'ёзных палітычных і эканамічных перадумоваў для ўвядзення адзінай валюты. Таццяна Валавая адзначыла неабходнасць павелічэння ўзаемнага гандлю, пашырэння выкарыстання нацыянальных валют паміж дзяржавамі-членамі, фарміравання эфектыўных механізмаў супрацоўніцтва паміж краінамі. «Ні адзіная валюта, ні адзіная дзяржава не выратуюць Саюз ад распаду, калі ён не будзе эфектыўным», – паведаміла міністр ЕЭК.

У сваім выступе міністр ЕЭК зрабіла акцэнт на падабенстве інстытуцыйнай мадэлі Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, мэтаў, у тым ліку па стварэнні адзінага рынку, а таксама падыходаў да каардынацыі макраэканамічнай палітыкі, у аснове якой – крытэрыі канвергенцыі. Пры гэтым міністр падкрэсліла, што «пры фарміраванні адзінага фінансавага рынку не варта цалкам капіраваць чужы вопыт, неабходна ўлічваць час, у якім мы жывем, і структуру эканомік, не паўтараць тыя ж памылкі, пралічваць магчымыя наступствы рашэнняў, якія прымаюцца, на некалькі крокаў наперад».

Таццяна Валавая закранула пытанне аб неабходнасці ўзгодненай працы ЕЭК і рэгіянальных фінансавых інстытутаў (Еўразійскага банка развіцця і Еўразійскага фонда стабілізацыі і развіцця), а таксама ўзмацнення фінансавага складальніка пры падрыхтоўцы рэкамендацый дзяржавам-членам па выкананні колькасных паказчыкаў, якія вызначаюць устойлівасць эканамічнага развіцця і надання рашэнням інтэграцыйных органаў большай юрыдычнай сілы. «Камісія распрацоўвае рэкамендацыі па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі ў дзяржавах-членах ЕАЭС, але гэтыя рэкамендацыі не суправаджаюцца прадастаўленнем краінам неабходных фінансавых рэсурсаў», – заявіла міністр.

Член Калегіі звярнула ўвагу на новыя тэндэнцыі і змяненне ландшафту фінансавага рынку, што неабходна ўлічваць пры выпрацоўцы падыходаў да рэгулявання. Напрыклад, з'яўленне і развіццё рынку крыптавалют запатрабуе ад органаў рэгулявання выпрацоўкі аднастайнага падыходу пры фарміраванні заканадаўства ў фінансавай сферы.

Прадстаўнікі нацыянальных рэгулятараў падзяліліся меркаваннем, якіх наднацыянальных і нацыянальных эфектаў яны чакаюць ад інтэграцыі фінансавых рынкаў да 2025 года і ў больш аддаленай перспектыве.

Намеснік старшыні Цэнтральнага банка Рэспублікі Арменія Вахтанг Абрамян адзначыў неабходнасць распрацоўкі ўніверсальных падыходаў і стандартаў, стварэння сумяшчальных платформаў у сферы фінансаў. «Шмат хто з нашых краін, калі не ўсе, працуюць над новымі праектамі з выкарыстаннем новых тэхналогій у сферы фінансавых рынкаў. І тут я цалкам падзяляю меркванне, што распрацоўка ўніверсальных падыходаў і стандартаў, гарманізацыя заканадаўства адназначна пойдзе на карысць усім», – распавёў Абрамян.

Як лічыць намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Сяргей Калечыц, стварэнне максімальна свабоднай і празрыстай канкурэнцыі ў рамках агульнага рынку дало б шэраг пераваг спажыўцам і ў канчатковым выніку эканомікам краін Саюза. Калечыц мяркуе, што менавіта «атрыманне такой максімальна добрасумленнай канкурэнцыі на ўсіх гэтых рынках ўнутры нашай прасторы – ёсць асноўная задача нашай эканамічнай інтэграцыі».

Старшыня Нацыянальнага банка Рэспублікі Казахстан Даніяр Акішаў выказаў меркаванне, што пры правільным падыходзе інтэграцыя фінансавых рынкаў на прасторы ЕАЭС у канчатковым выніку павінна забяспечыць вялікі інтэграцыйны эфект. «Наша глабальная мэта заключаецца не ў стварэнні поля з іншым прававым рэгуляваннем, а, наадварот, у павышэнні канкурэнтаздольнасці і забеспячэнні паўнавартаснага ўдзелу фінансавага рынку ЕАЭС у міжнародных фінансавых адносінах. Разам з тым, на шляху да фарміравання і развіцця агульнага фінансавага рынку Саюза канкурэнцыя лакальных рынкаў краін-удзельніц уяўляецца непазбежнай», – рэзюмаваў кіраўнік Нацбанка Казахстана.

Пры гэтым функцыянаванне агульнага фінансавага рынку запатрабуе больш цеснага ўзаемадзеяння паміж рэгулятарамі з мэтай атрымання ўзаемнага доступу да нагляднай інфармацыі, падкрэсліў Даніяр Акішаў. «Першы значны крок у гэтым накірунку ўжо зроблены – падпісанае ў 2014 годзе Пагадненне аб абмене інфармацыяй, у тым ліку, канфідэнцыйнай, у фінансавай сферы ў мэтах стварэння ўмоваў на фінансавых рынках для забеспячэння свабоднага руху капіталу ўжо зараз дазваляе абменьвацца неабходнай інфармацыяй для правядзення эфектыўнай практыкі нагляд паміж рэгулятарамі краін ЕАЭС», – сказаў кіраўнік Нацбанка Казахстана.

«Мы чакаем, што будуць выпрацаваны механізмы па забеспячэнні макраэканамічнай стабільнасці і правядзенні ўзгодненай валютнай палітыкі. Як вы ўсе ведаеце, асновай ЕАЭС з'яўляецца свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы. З улікам гэтых прынцыпаў праводзіцца скаардынаваная ўзгодненая палітыка ў галінах эканомікі ў дамовах пэўных краін ЕАЭС», – у сваю чаргу падзяліўся меркаваннем намеснік старшыні Нацыянальнага банка Кыргызскай Рэспублікі Нурбек Жэніш.

Першы намеснік старшыні ЦБ РФ Ксенія Юдаева падкрэсліла, што пры стварэнні агульнага фінансавага рынку ЕАЭС варта ўлічваць вопыт інтэграцыі іншых аб'яднанняў з тым, каб мінімізаваць рызыкі: стварэнне дадатковых магчымасцяў для краін-удзельніц Саюза не павінна суправаджацца назапашваннем рызык і іх рэалізацыяй. У сувязі з гэтым першы намеснік старшыні ЦБ РФ адзначыла неабходнасць «гарманізацыі рэгулятарных падыходаў і нормаў краін-удзельніц, а таксама гарманізацыі наглядных прынцыпаў». На яе думку, без фіскальнага элемента пры фарміраванні агульнай прасторы не абысціся. У прыватнасці, яна нагадала, што ў Еўрасаюзе прыйшлося ствараць спецыяльны фонд для падтрымкі банкаў у рамках ЕС.

Гаворачы аб магчымасці развіцця фінансавых тэхналогій на прасторы ЕАЭС і аб магчымых рызыках у гэтай сферы, першы намеснік старшыні ЦБ выказала меркаванне, што «ў першую чаргу неабходна казаць пра прарыў у тэхналогіях аплатных паслуг, якія забяспечваюць адчувальны сеткавы эфект». Тут таксама неабходна абмяркоўваць адзіныя стандарты і прынцыпы пабудовы плацежных сістэм, параметры інфармацыйнага абмену, парадак доступу да атрымання інфармацыі.

Прымяненне штучнага інтэлекту таксама тоіць небяспеку, мяркуе Ксенія Юдаева. На яе думку, «штучны інтэлект гэтак жа схільны да статкавых паводзін, як і чалавечы». Пералік рызык пры стварэнні агульнай фінансавай прасторы для краін ЕАЭС замыкаюць кібер-рызыкі. Аднак, як лічыць Юдаева, распрацоўшчыкі агульнай фінансавай прасторы могуць паспрабаваць максімальна ўлічыць пералічаныя рызыкі яшчэ на этапе фарміравання агульнага рынку.

Кіраўнік Расійскай нацыянальнай перастраховачнай кампаніі (РНПК, даччыная кампанія Банка Расіі) Мікалай Галушын выступіў з ініцыятывай стварэння сістэмы акрэдытацыі кампаній пры нацыянальных банках краін-удзельніц ЕАЭС. Прапановы на гэтую тэму распрацоўваюцца рабочай групай Усерасійскага саюза страхоўшчыкаў (УСС), паведаміў ён. Пры гэтым сёння на рынку ёсць канкурэнцыя больш моцных міжнародных фінансавых рынкаў, у тым ліку, кантынентальнай Еўропы, а з другога боку, – перастрахоўшчыкі сутыкаюцца з рэгулятарнымі абмежаваннямі, якія дзейнічаюць у краінах ЕАЭС. Больш мяккі рэжым патрабаванняў да перастрахавання дзейнічае ў Расіі і Беларусі ў дачыненні да рызык з краін ЕАЭС. Перастрахаваць рызыкі ў Арменіі ж амаль немагчыма з-за таго, што патрабаванні рэгулятара да рэйтынгу перастрахоўшчыкаў перавышаюць узровень расійскага краінавага рэйтынгу, распавёў кіраўнік РНПК.

Даведка

У адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС агульны фінансавы рынак павінен адпавядаць наступным асноўным крытэрыям:
-  гарманізаваныя патрабаванні да рэгулявання і нагляду на фінансавых рынках дзяржаў-членаў Саюза;
узаемнае прызнанне ліцэнзій у банкаўскім і страхавым сектарах, а таксама ў сектары паслуг на рынку каштоўных папер;
прадастаўленне фінансавых паслуг на ўсёй тэрыторыі Саюза без дадатковага стварэння юрыдычнай асобы;
- адміністрацыйнае супрацоўніцтва паміж фінансавымі рэгулятарамі, у тым ліку, шляхам абмену інфармацыяй.