Вход
Сяргей Глазьеў: «Галоўны прыярытэт ЕАЭС – дасягненне высокіх тэмпаў доўгатэрміновага эканамічнага росту»

Сяргей Глазьеў: «Галоўны прыярытэт ЕАЭС – дасягненне высокіх тэмпаў доўгатэрміновага эканамічнага росту»

12.12.2019

Аб гэтым член Калегіі (міністр) па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Глазьеў заявіў на пасяджэнні Кансультатыўнага камітэта па макраэканамічнай палітыцы 11 снежня ў Маскве.

Удзельнікам пасяджэння былі прадстаўлены вынікі маніторынгу значэнняў макраэканамічных паказчыкаў, якія вызначаюць устойлівасць эканамічнага развіцця, а таксама інфармацыя аб рэкамендацыях ЕЭК, якія накіраваны на стабілізацыю эканамічнай сітуацыі. Чакаецца, што колькасць выпадкаў адхілення дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) ад парогавых значэнняў макраэканамічных паказчыкаў па выніках 2019 года скароціцца. Гэта стане пазітыўным вынікам практычнага прымянення рэкамендацый ЕЭК. Кансультатыўны камітэт таксама ўхваліў новую рэдакцыю парадку распрацоўкі і прыняцця рэкамендацый і сумесных мер.

Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння разгледзелі праект аналітычнага дакладу аб макраэканамічнай сітуацыі ў дзяржавах Саюза і прапановы па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага развіцця.

«Галоўны прыярытэт ЕАЭС – дасягненне высокіх тэмпаў доўгатэрміновага эканамічнага росту. Для гэтага неабходна акцэнтаваць увагу на ліквідацыі структурных перашкод для павышэння занятасці і прадукцыйнасці працы, забеспячэнні поўнай загрузкі вытворчых магутнасцяў, стымуляванні інавацыйнай і інвестыцыйнай актыўнасці», – сказаў Сяргей Глазьеў.

Кансультатыўны камітэт ухваліў прагноз ўзаемнага гандлю ў дзяржавах Саюза на 2020 год і механізм яго распрацоўкі. У далейшым Камісія сумесна з бакамі працягне працу па вывучэнні магчымасці ацэнкі ўзаемнага гандлю з улікам валюты здзяйснення плацяжоў.

Акрамя гэтага, удзельнікі пасяджэння разгледзелі падрыхтаваныя Камісіяй рэкамендацыі па ўдасканаленні нацыянальных бюджэтных правіл з улікам назапашанага дзяржавамі Саюза вопыту, а таксама сусветнай практыкі. Сяргей Глазьеў прапанаваў дапоўніць гэтыя рэкамендацыі аналізам эфектыўнасці бюджэтных правіл дзяржаў-членаў з пункту гледжання іх уплыву на эканамічнае развіццё, дынаміку інвестыцый, выкарыстанне патэнцыяльных магчымасцяў росту.

Члены камітэта абмеркавалі прапанову аб пераглядзе пераліку макраэканамічных паказчыкаў, якія вызначаюць устойлівасць эканамічнага развіцця ў сувязі з новымі знешнімі і ўнутранымі ўмовамі эканамічнага развіцця. «У ЕАЭС неабходна выпрацаваць збалансаваны набор макраэканамічных паказчыкаў, якiя найбольш выразна адлюстроўваюць устойлівасць эканамічнага росту і дынаміку інвестыцый», – адзначыў Сяргей Глазьеў.

У пасяджэнні прынялі ўдзел члены Кансультатыўнага камітэта, прадстаўнікі міністэрстваў фінансава-эканамічнага блока і нацыянальных (цэнтральных) банкаў дзяржаў-членаў. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі Рэспублікі Малдова – дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС, Азербайджанскай Рэспублікі, Выканаўчага камітэта СНД і Міждзяржаўнага банка.​