Вход
Савет ЕЭК прыняў тэхнічны рэгламент ЕАЭС «Аб патрабаваннях да энергетычнай эфектыўнасці энергаспажывальных прылад»

Савет ЕЭК прыняў тэхнічны рэгламент ЕАЭС «Аб патрабаваннях да энергетычнай эфектыўнасці энергаспажывальных прылад»

12.08.2019

Дакумент распаўсюджваецца на халадзільнікі, тэлевізары, камп’ютары, пральныя і посудамыйныя машыны, кандыцыянеры паветра, пакаёвыя вентылятары, вадзяныя помпы і іншыя электрапрыборы. Ён распрацаваны Еўразійскай эканамічнай камісіяй (ЕЭК) сумесна з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), каб забяспечыць энергетычную эфектыўнасць гэтых прыбораў і зберагчы тым самым энергарэсурсы.

Акрамя таго, тэхрэгламент ЕАЭС дапаможа папярэдзіць дзеянні нядобрасумленных прадпрымальнікаў, якія часам уводзяць спажыўцоў у зман адносна энергетычнай эфектыўнасці такіх прылад.

Для лепшага інфармавання пакупнікоў асобныя віды энергаспажывальных прылад будуць забяспечаны адмысловымі этыкеткамі і тэхнічнымі лістамі аб энергетычнай эфектыўнасці. Усталёўваюцца класы энергаэфектыўнасці такіх прылад. Таксама тэхрэгламент прадугледжвае зацвярджэнне Камісіяй форм этыкетак энергетычнай эфектыўнасці.

Энергаспажывальныя прылады будуць выпускацца на рынак Саюза, толькі калі адказваюць нормам адзначанага тэхнічнага рэгламенту і іншых тэхрэгламентаў, якія на іх распаўсюджваюцца, і пры ўмове, што прайшлі пэўную працэдуру ацэнкі адпаведнасці. Яны маркіруюцца адзіным знакам абарачэння прадукцыі на рынку ЕАЭС.

У адпаведнасці з рашэннем Савета ЕЭК намечана паэтапнае ўвядзенне ў дзеянне асобных патрабаванняў тэхрэгламенту Саюза, што дазволіць забяспечыць плаўны пераход вытворцаў энергаспажывальных прылад на адзіныя абавязковыя патрабаванні.