Вход
Кааперацыя – драйвер прамысловага росту ў ЕАЭС

Кааперацыя – драйвер прамысловага росту ў ЕАЭС

09.12.2019

«Умацаванне кааперацыйных сувязяў і дзелавых кантактаў паміж прадпрыемствамі краін Еўразійскага эканамічнага саюза спрыяе росту прамысловай вытворчасці ў ЕАЭС», – заявіў намеснік дырэктара Дэпартамента прамысловай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Тыгран Аруцюнян 6 снежня на Расійска-Армянскім бізнес-форуме ў Маскве.

За дзевяць месяцаў бягучага года паскорылася нарошчванне тэмпаў прамысловай вытворчасці ў ЕАЭС, прырост склаў каля 3%.

«Калі ў найбуйнейшых дзяржавах-членах – Беларусі, Казахстане, Расіі – тэмпы нарошчвання прамысловай вытворчасці крыху запаволіліся ў параўнанні з мінулым годам, дык у Арменіі і Кыргызстане, наадварот, назіраецца істотны рост прамысловасці – 10% і 16% адпаведна», – падкрэсліў прадстаўнік ЕЭК.

Маніторынг кааперацыйных сувязяў, напрыклад, Арменіі з краінамі ЕАЭС сведчыць, што расійскія кампаніі захоўваюць стратэгічнае значэнне для армянскай эканомікі. У гэтай краіне функцыянуюць больш за 30 буйных прадпрыемстваў з расійскім капіталам у газавай, нафтапрадуктавай, горна-металургічнай, транспартнай сферах, сектары тэлекамунікацый.

Тыгран Аруцюнян дадаў, што ў Арменіі растуць аб'ёмы прамысловай вытворчасці апрацоўчай прамысловасці, максімальны рост тэмпаў адзначаны ў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці – каля 74%.

«Асобна хачу сказаць пра ювелірную галіну. Мы запускаем новы амбіцыйны праект, куды ўвойдуць прадстаўнікі галіны з усіх дзяржаў Саюза – Еўразійскае ювелірнае бюро, – адзначыў Тыгран Аруцюнян. – Па нашых ацэнках, гэты праект дазволіць павялічыць аб'ём экспарту ювелірных вырабаў на рынкі трэціх краін прыкладна ў восем разоў».

Стварэнне адзінага еўразійскага ювелірнага брэнда прадугледжвае адзіныя стандарты якасці, інфраструктуры для дыстрыбуцыі і маркетынгавай стратэгіі прасоўвання брэнда.

«Дзякуючы нашым сумесным намаганням і ва ўзаемадзеянні з такімі моцнымі прамысловымі аб'яднаннямі, як Расійскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, створаны спрыяльныя ўмовы для паспяховай працы прамысловых прадпрыемстваў на рынку Саюза», – падвёў вынік прадстаўнік ЕЭК.​