Вход
Прадстаўнікі Беларусі і ЕЭК абмеркавалі асноўныя падыходы да фармавання адзінай лічбавай прасторы ЕАЭС

Прадстаўнікі Беларусі і ЕЭК абмеркавалі асноўныя падыходы да фармавання адзінай лічбавай прасторы ЕАЭС

04.03.2016

4 сакавіка ў Мінску ў межах круглага стала прадстаўнікі Еўразійскай эканамічнай камісіі і Рэспублікі Беларусь абмеркавалі асноўныя падыходы да фармавання адзінай лічбавай прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і пагадзіліся з неабходнасцю прапрацоўкі канцэпцыі адзінай лічбавай прасторы ЕАЭС.

У працы круглага стала ўзялі ўдзел Член Калегіі (Міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК

Карынэ Мінасян, Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Папкоў, намеснік Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Круты і іншыя прадстаўнікі дзяржаўных органаў і бізнес-суполкі Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікі круглага стала падкрэслілі актуальнасць абмеркавання лічбавай павесткі ў межах ЕАЭС з мэтай паглыблення інтэграцыі. Падчас мерапрыемства абмяркоўваліся чатыры прыярытэтныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва: лічбавая мадэрнізацыя інтэграцыйных працэсаў, лічбавыя рынкі, лічбавая інфраструктура і інстытуты развіцця лічбавай эканомікі.

 «Pаспрацоўка канцэпцыі павінна зыходзіць менавіта з інтарэсаў бізнесу,  – падкрэсліла Карынэ Мінасян. –  Бо вынікамі фармавання адзінай лічбавай прасторы ЕАЭС павінны стаць паляпшэнне бізнес-асяроддзя, павышэнне прадукцыйнасці і эфектыўнасці ў эканоміцы, стварэнне новых высокатэхналагічных працоўных месцаў, павелічэнне ўнутранага і знешняга тавараабарачэння».

Удзельнікі круглага стала пагадзіліся з неабходнасцю абавязковага ўдзелу бізнес-суполкі і навукова-даследчых цэнтраў дзяржаў-членаў у прапрацоўцы канцэпцыі.

Даведка:

26 студзеня 2016 года Калегія ЕЭК ухваліла рашэнне Савета ЕЭК аб падрыхтоўцы ў 2016 годзе  Канцэпцыі фармавання адзінай лічбавай прасторы ЕАЭС  і стварэнні спецыяльнай працоўнай групы па гэтым напрамку пад кіраўніцтвам Члена Калегіі (Міністра) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна- камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Карынэ Мінасян.