Вход
Вынікі ВЕЭС: ухвалены праграмы фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, падпісана Дэкларацыя аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў у рамках ЕАЭС

Вынікі ВЕЭС: ухвалены праграмы фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, падпісана Дэкларацыя аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў у рамках ЕАЭС

07.12.2018

Падчас пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ВЕЭС), якое адбылося 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу (Расія), прыняты шэраг важных рашэнняў у сферах інтэграцыі, прамысловага супрацоўніцтва, энергетыкі.


У мерапрыемстве прынялі ўдзел Прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Нікол Пашынян, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў, Прэзідэнт Кыргызскай Рэспублікі Сааранбай Жээнбекаў, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін і Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Тыгран Саркісян. У пасяджэнні таксама ўдзельнічаў Прэзідэнт Рэспублікі Малдова Ігар Дадон.

Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня ВЕЭС Уладзімір Пуцін, падводзячы вынікі расійскага старшынства ў органах ЕАЭС у 2018 годзе, падкрэсліў, што «супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза прасоўваецца даволі паспяхова і вельмі дынамічна, спрыяе больш поўнаму раскрыццю эканамічнага патэнцыялу нашых дзяржаў».

Сфарміравана нарматыўная і інстытуцыянальная база для запуску адзінай лічбавай прасторы ЕАЭС. У бюджэце Саюза на 2019 год прадугледжаны значныя сродкі на рэалізацыю буйных лічбавых праектаў.

Расійскі бок таксама прапанаваў уключыць у інтэграцыйны парадак пытанні спрашчэння парадку перамяшчэння грамадзян, наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне ў галіне аховы здароўя, турызму, спорту.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што ў лік важнейшых інтэграцыйных задач, па агульным меркаванні, уваходзяць павышэнне эфектыўнасці функцыянавання ўнутрысаюзнага рынку, умацаванне прамысловай кааперацыі, стварэнне адзінай лічбавай прасторы, больш цесная каардынацыя валютна-фінансавай і грашова-крэдытнай палітыкі.

У сваім выступе Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян падкрэсліў, што Арменія зацікаўлена ў далейшым паглыбленні інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС.

«Інтэграцыя нашых краін у канчатковым выніку павінна служыць стварэнню камфортных умоваў для вядзення бізнесу і паўнавартаснай рэалізацыі чалавечага патэнцыялу. Вынікі інтэграцыі павінны быць адчувальнымі для ўсіх. Інтэграцыя прыме незваротны характар, калі ў ёй будуць зацікаўлены простыя людзі», - падкрэсліў Нікол Пашынян.


Ён дадаў, што Арменія гатова да прыняцця эстафеты старшынства ў Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць краіны надаць яшчэ большую дынаміку развіццю супрацоўніцтва ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Як паказала практыка, важна не толькі ўстараняць перашкоды, але і паралельна ствараць умовы, якія выключаюць магчымасць іх паўторнага ўзнікнення, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У сувязі з гэтым прапаную даць нашай Еўразійскай эканамічнай камісіі паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў выпадку паўторнага ўвядзення якой-небудзь дзяржавай-удзельніцай абмежаванняў ці падаўжэння ўжо дзеючых».

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў неабходнасць рэалізацыі «якарных» праектаў у ключавых сектарах эканомікі. У гэтай сувязі Камісіі і ўрадам краін ЕАЭС было рэкамендавана вызначыць пералік такіх праектаў.

«У далёкім 1994 годзе я ўпершыню выступіў у сценах МДУ з ідэяй стварэння гэтага інтэграцыйнага праекта і выказаўся аб прынцыпах раўнапраўя і добраахвотнасці. Тады я ўяўляў сабе магутны эканамічны саюз, які з часам трансфармуецца ў вялікага іграка на міжнароднай арэне. Сёння гэтая ідэя стала рэальнасцю. У наступным годзе спаўняецца 5 гадоў з моманту падпісання Дагавора аб ЕАЭС і 25 гадоў ідэі еўразійскай інтэграцыі. Прапаную правесці чарговае пасяджэнне ў Астане ў маі наступнага года, прымеркаваўшы яго да гэтых дзвюх юбілейных дат», - сказаў кіраўнік Казахстана.

Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў адзначыў, што адносіны з краінамі-членамі ЕАЭС застаюцца нязменным прыярытэтам, і выказаў гатоўнасць краіны да адкрытага, давернага дыялогу. «Мы лічым важным абмеркаваць пытанне аб стане канкурэнцыі на трансгранічных рынках. Неабходна аналізаваць прынятыя меры па спыненні парушэнняў агульных правілаў канкурэнцыі, пастаянна фарміраваць пазітыўнае ўяўленне аб Саюзе як эфектыўнай і канкурэнтаздольнай міжнароднай арганізацыі», - адзначыў Сааранбай Жээнбекаў.

У сваю чаргу, Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян, выступаючы перад журналістамі па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, паведаміў, што прыняты рашэнні па 15 пытаннях, якія накіраваны на далейшае прасоўванне і развіццё інтэграцыйнага праекта. Адным з прыярытэтных напрамкаў члены ВЕЭС лічаць лічбавую трансфармацыю эканомік. «Мы дамовіліся аб фарміраванні цэнтра кампетэнцый у Астане, у далейшым падобныя цэнтры могуць стварацца і ў іншых краінах ЕАЭС. Камісіі дадзена даручэнне прапрацаваць парадак узаемадзеяння з гэтым цэнтрам і механізмы імплементацыі лічбавых праектаў», - адзначыў Тыгран Саркісян.

Ён таксама распавёў аб пілотных праектах, у прыватнасці па лічбавым прасочванні тавараў. «Гэта будзе агульная для ўсіх пяці краін Саюза сістэма, да якой будуць мець доступ падатковыя і мытныя службы, каб у анлайн-рэжыме забяспечваць прасочванне тавараў», - сказаў Тыгран Саркісян.

Старшыня Калегіі ЕЭК падкрэсліў, што праграмы фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў Саюза ўхвалены членамі ВЕЭС. «Мы пачнем рэалізоўваць мерапрыемствы, якія закладзены ў праграмах, але пры гэтым працягнем працу над методыкай вызначэння цаны на транзіт газу. Гэта адно з дыскусійных пытанняў, якое нам трэба будзе вырашыць для зацвярджэння на ўзроўні Вышэйшага эканамічнага савета», - адзначыў Тыгран Саркісян.

У заключэнне Старшыня Калегіі ЕЭК паведаміў, што ў 2019 годзе Саюз адзначыць пяцігоддзе падпісання Дагавора аб ЕАЭС і 25-годдзе ідэі еўразійскай інтэграцыі. За гэты час Саюз адбыўся як інтэграцыйнае аб'яднанне і сёння з'яўляецца адным з самых прасунутых у свеце. «Нядаўна мы падпісалі мемарандум з АСЕАН, гэта арганізацыя таксама вывучае наш вопыт і плануе ісці па шляху паглыбленага супрацоўніцтва. Гэта глабальны трэнд, і за пяць гадоў мы сур'ёзна прасунуліся ў гэтым накірунку», - рэзюмаваў Тыгран Саркісян.
***
Кіраўнікам дзяржаў быў прадстаўлены даклад аб ходзе рэалізацыі лічбавага парадка ў ЕАЭС. Сумесна з урадамі краін Саюза Камісія ўвасабляе ў жыццё палажэнні і прыярытэты Асноўных напрамкаў рэалізацыі лічбавага парадка Саюза да 2025 года, якія былі зацверджаны Вышэйшым Еўразійскім эканамічным саветам у кастрычніку 2017 года. У Камісію паступіла на прапрацоўку ад дзелавых колаў і органаў улады дзяржаў-членаў 40 ініцыятыў. Пры гэтым вялікая частка з іх – ад бізнесу краін Саюза. Механізм іх прапрацоўкі праходзіць «абкатку», ужо выяўлены шляхі яго паляпшэння, фарміруецца неабходная на першым этапе нарматыўна-прававая база для рэалізацыі лічбавага парадка.

Праводзяцца пілотныя праекты па ініцыятыве «Функцыянаванне і развіццё сістэмы лічбавага прасочвання (у тым ліку ідэнтыфікацыі)». Вядуцца навукова-даследчыя работы па некалькіх тэмах, у прыватнасці ў іх ліку – «Укараненне і ўзаемнае прызнанне электронных суправаджальных дакументаў у ЕАЭС», «Распрацоўка канцэпцыі экасістэмы лічбавых транспартных калідораў Еўразійскага эканамічнага саюза», «Распрацоўка мадэляў рэгулявання трансгранічнага абароту дадзеных». На экспертных пляцоўках ідзе актыўная работа па пытаннях рэгулявання абароту дадзеных, «рэгулятыўных пясочніцах», лічбавым гандлі, лічбавай прамысловай кааперацыі, лічбавых транспартных калідорах і г.д.

Аналіз першых ініцыятыў паказаў, што прапановы неабходна дапрацаваць, увязаць з базавымі праектамі і інтэграванай інфармацыйнай сістэмай Саюза, развіваць механізм рэалізацыі лічбавых праектаў.

Камісія плануе актывізаваць сумесную працу цэнтраў кампетэнцый дзяржаў-членаў, у тым ліку ў рамках экспертных пляцовак і праектаў. Узаемадзеянне з бізнесам і спажыўцамі, перш за ўсё ў лічбавай прасторы, павінна стаць напрамкам, неад'емна інкарпараваным у праектную дзейнасць пры рэалізацыі лічбавага парадка.

Кіраўнікі дзяржаў падпісалі Дэкларацыю аб далейшым паглыбленні інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС.

Дакумент прадугледжвае пашырэнне вобласці дзеяння Дагавора аб Саюзе і ўключэнне ў інтэграцыйны парадак новых задач. Ён накіраваны на далейшае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюза па такіх ключавых напрамках, як забеспячэнне максімальнай эфектыўнасці адзінага рынку саюза і рэалізацыя яго магчымасцяў для бізнесу і спажыўцоў, фарміраванне «тэрыторыі інавацый» і стымуляванне навукова-прамысловых і тэхналагічных прарываў, а таксама раскрыццё патэнцыялу інтэграцыі для людзей і павышэнне якасці іх жыцця, фарміраванне саюза як аднаго з найбольш значных цэнтраў развіцця сучаснага свету, адкрытага для ўзаемавыгаднага і раўнапраўнага супрацоўніцтва са знешнімі партнёрамі, і выбудоўвання новых фарматаў узаемадзеяння.

Прыняцце дэкларацыі дзяржавамі-членамі стане імпульсам для актывізацыі еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, замацаваўшы перспектыўны вектар развіцця Саюза.

Механізмы і мерапрыемствы па рэалізацыі дэкларацыі будуць уключаны ў дакумент, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года.

Лідары краін ЕАЭС зацвердзілі праграмы фарміравання агульнага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў.

Прыняцце Праграмы фарміравання агульнага рынку газу ЕАЭС мае важнае значэнне для дзяржаў-членаў, паколькі прадугледжаныя ў ёй мерапрыемствы накіраваны на развіццё канкурэнцыі, забеспячэнне недыскрымінацыйнага доступу да газатранспартных сістэм і пераход да рыначнага цэнаўтварэння, што будзе садзейнічаць забеспячэнню ўстойлівага развіцця нацыянальных эканомік.

На агульных рынках нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС будуць фарміравацца адзіная біржавая прастора, празрыстыя біржавыя і пазабіржавыя цэнавыя індыкатары, будзе забяспечаны недыскрымінацыйны доступ гаспадарчых суб'ектаў дзяржаў-членаў да біржавых таргоў нафтай і нафтапрадуктамі, а таксама вызначаны механізм выканання здзелак (дагавораў), здзейсненых у рамках адзінай біржавой прасторы.

Фарміраванне агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў Саюза прывядзе да далейшага эканамічнага развіцця дзяржаў-членаў, умацавання энергетычнай бяспекі і росту канкурэнтаздольнасці тавараў краін Саюза на сусветным рынку энергетычных рэсурсаў.

Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет ухваліў прапановы аб развіцці супрацоўніцтва дзяржаў-членаў у сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ).

Рыхтуецца да старту першы еўразійскі кааперацыйны праект у прамысловай сферы, які сумесна фінансуецца краінамі ЕАЭС. Ён стаў магчымым дзякуючы ініцыятыве расійскіх, казахстанскіх і беларускіх прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі Еўразійскай тэхналагічнай платформы «Касмічныя і геаінфармацыйныя тэхналогіі – прадукты глабальнай канкурэнтаздольнасці».

ВЕЭС даручыў краінам ЕАЭС на падставе адобраных прапаноў распрацаваць на базе еўразійскай тэхналагічнай платформы «Касмічныя і геаінфармацыйныя тэхналогіі – прадукты глабальнай канкурэнтаздольнасці» пры каардынуючай ролі Еўразійскай эканамічнай камісіі праект міждзяржаўнай праграмы «Інтэграваная сістэма дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза па прадастаўленні касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі». Дакумент, які прадугледжвае інтэграцыю нацыянальных касмічных сістэм, праектаванне і вытворчасць сучасных касмічных апаратаў у рамках кааперацыі прадпрыемстваў зацікаўленых дзяржаў-членаў, будзе прадстаўлены на разгляд Еўразійскага міжурадавага савета. Урадам краін-удзельніц неабходна будзе прафінансаваць і рэалізаваць мерапрыемствы міждзяржаўнай праграмы ў рамках нацыянальных касмічных праграм.

Праграма дазволіць выкарыстаць перавагі адзінай эканамічнай прасторы ЕАЭС, аб'яднаць прамысловыя, навукова-тэхнічныя і маркетынгавыя магчымасці краін Саюза.

Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет зацвердзіў Асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2019 год.
Намечаны тры ключавых напрамкі дзейнасці з урадамі замежных дзяржаў, рэгіянальнымі аб'яднаннямі, міжнароднымі арганізацыямі і бізнес-супольнасцямі, а таксама экспертнымі коламі.

Першы прадугледжвае развіццё ўжо створаных механізмаў супрацоўніцтва ў рамках мемарандумаў аб узаемадзеянні, перамоваў аб заключэнні прэферэнцыйных і непрэферэнцыйных гандлёвых пагадненняў.

Другі трэк уключае ў сябе ўзаемадзеянне з зацікаўленымі ў супрацоўніцтве з Саюзам бакамі для стварэння нарматыўна-прававых і інстытуцыянальных інструментаў супрацоўніцтва.


Трэці трэк міжнароднай дзейнасці накіраваны на прасоўванне дакладнай i актуальнай інфармацыі аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі і фарміраванне пазітыўнага ўяўлення аб Саюзе як эфектыўнай і канкурэнтаздольнай міжнароднай арганізацыі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі.

Прыярытэтнымі партнёрамі ў 2019 годзе застануцца краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўрапейскага саюза, Кітай, краіны, з якімі заключаны або праходзяць перамовы па заключэнні мемарандума аб супрацоўніцтве – Сінгапур, Камбоджа, Тайланд, Куба, Чылі, Перу, Іарданія, Марока, Фарэрскія астравы, Малдова, краіны, з якімі заключаны пагадненні або праходзяць перамовы па зоне свабоднага гандлю – В'етнам, Сінгапур, Ізраіль, Егіпет, Індыя, Сербія, а таксама міжнародныя арганізацыі і рэгіянальныя эканамічныя аб'яднанні – Арганізацыя аб'яднаных нацый (ААН) і яе рэгіянальныя эканамічныя камісіі, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС), форум «Азіяцка-Ціхаакіянскае эканамічнае супрацоўніцтва» (АТЭС), а таксама Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), Андская супольнасць, МЕРКАСУР і г.д.

Рэспубліка Арменія на ратацыйнай аснове вызначана дзяржавай, якая будзе старшынстваваць у 2019 годзе ў органах ЕАЭС – Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі. Арменія зменіць у гэтай якасці Расійскую Федэрацыю, якая старшынствавала ў кіруючых органах ЕАЭС у гэтым годзе.

Чарговае пасяджэнне ВЕЭС пройдзе ў маі 2019 года ў Астане (Рэспубліка Казахстан).