Вход
ЕЭК і САІЎ умацоўваюць супрацоўніцтва ў сферы інтэлектуальнай уласнасці

ЕЭК і САІЎ умацоўваюць супрацоўніцтва ў сферы інтэлектуальнай уласнасці

07.05.2019
7 мая ў Жэневе (Швейцарыя) на сустрэчы члена Калегіі (міністра) па эканоміцы і фінансавай палітыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Цімура Жаксылыкава і генеральнага дырэктара Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІЎ) Фрэнсіса Гары падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж ЕЭК і САІЎ.

Мэта мемарандума – умацаванне ўзаемадзеяння арганізацый у сферы аховы і абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Акрамя таго, будзе пашырана супрацоўніцтва паміж САІЎ і ЕЭК праз абмен інфармацыяй і сумесную працу ў рамках распрацоўкі рэкамендацый і вырашэння спрэчак па пытаннях аховы і абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці.
 
«За час супрацоўніцтва САІЎ і ЕЭК дзейнасць Еўразійскага эканамічнага саюза ў сферы інтэлектуальнай уласнасці дасягнула значных поспехаў, у тым ліку пры экспертнай падтрымцы САІЎ ў гэтым накірунку, - адзначыў Цімур Жаксылыкаў. - Перакананы, што абмен вопытам і інфармацыяй у галіне прававога рэгулявання ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, а таксама ўзаемны ўдзел у мерапрыемствах САІЎ і ЕЭК будзе спрыяць усебаковаму, узаемавыгаднаму і раўнапраўнаму супрацоўніцтву нашых арганізацый».

«Падпісанне мемарандума не толькі забяспечыць трывалую аснову для далейшага ўмацавання двухбаковых адносін САІЎ і ЕЭК, але і дазволіць пашырыць магчымасці такога супрацоўніцтва ў мэтах развіцця правоў інтэлектуальнай уласнасці на еўразійскай прасторы», - сказаў Фрэнсіс Гары.

Даведка

Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (WIPO, САІЎ) – міжнародная арганізацыя, якая выконвае функцыі спецыялізаванай установы ААН па пытаннях творчасці і інтэлектуальнай уласнасці.

Членамі САІЎ з'яўляюцца 192 дзяржавы, статус назіральніка пры арганізацыі маюць каля 250 міжурадавых і няўрадавых арганізацый, у тым ліку Еўразійская эканамічная камісія, якая атрымала яго ў 2014 годзе.

Задачы САІЎ - садзейнічанне ахове інтэлектуальнай уласнасці ва ўсім свеце шляхам супрацоўніцтва дзяржаў і міжнародных арганізацый, а таксама забеспячэнне адміністрацыйнага супрацоўніцтва ў рамках канкрэтных міжнародных дагавораў у сферы інтэлектуальнай уласнасці.