Вход
ЕЭК правяла міжнародную канферэнцыю «Абарона канкурэнцыі і выключныя правы. Стварэнне ўмоў для свабоднага гандлю на тэрыторыі АЭП»

ЕЭК правяла міжнародную канферэнцыю «Абарона канкурэнцыі і выключныя правы. Стварэнне ўмоў для свабоднага гандлю на тэрыторыі АЭП»

31.10.2014

30 кастрычніка ў Алматы (Рэспубліка Казахстан) Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) правяла міжнародную канферэнцыю «Абарона канкурэнцыі і выключныя правы. Стварэнне ўмоў для свабоднага гандлю на тэрыторыі АЭП».

У канферэнцыі прынялі ўдзел дэпутаты Парламента Рэспублікі Казахстан РК, Дзяржаўнай Думы РФ, прадстаўнікі Пасольства Казахстана ў Расійскай Федэрацыі, Суда Еўразійскай эканамічнай супольнасці, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, бізнес-супольнасці і навуковых колаў краін-членаў Мытнага саюза (МС) і Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Мадэратарам канферэнцыі выступіў дэпутат Мажыліса Парламента РК Мікалай Логутаў.

У межах міжнароднай канферэнцыі ўдзельнікі абмеркавалі наступствы забароны на паралельны імпарт і перспектывы змянення рэжыму вычарпання правоў на інтэлектуальную ўласнасць у МС і АЭП. «Паралельны імпарт будзе садзейнічаць павелічэнню асартыменту таварнай прадукцыі, зніжэнню цаны і развіццю канкурэнцыі. Пры гэтым важна, каб дадзены прынцып не распаўсюджваўся на рынкі з лакалізаванай вытворчасцю», – адзначыў у сваім выступленні Член Калегіі (Міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлан Алдабергенаў.

Падобны пункт погляду выказаў першы намеснік Старшыні Камітэта Думы ФС РФ па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Вячаслаў Лысакоў: «Мы гаворым аб міжнародным прынцыпе вычарпання як аб магчымасці свабоднага гандлю, свабоднай канкурэнцыі. Такі паралельны імпарт выгадны не толькі дзяржаве, але і, перш за ўсё, спажыўцу».

Акрамя таго, паводле слоў экспертаў, забарона на паралельны імпарт тармозіць развіццё малога і сярэдняга бізнесу. «Заканадаўча замацаваны нормы права, якія дазваляюць завозіць аўтазапчасткі толькі афіцыйным праваўладальнікам, якія абмяжоўваюць увоз і не даюць магчымасці працаваць паралельным імпарцёрам», – заявіў старшыня праўлення АЮА «Саюз незалежнага АўтаБізнесу Казахстана» Павел Кім. У якасці «плюсаў» увядзення паралельнага імпарту ён адзначыў цану, якасць тавараў і яго шырокі асартымент.

Па шляху паралельнага імпарту ў адносінах таварных знакаў пайшлі такія краіны, як ЗША, Японія, Аўстрыя, Новая Зеландыя, Швейцарыя, Канада, Паўднёвая Карэя і шэраг краін Лацінскай Амерыкі і Азіі, якія сталі на шлях развіцця. Аб вопыце Японіі расказаў удзельнікам канферэнцыі прадстаўнік Сакратарыята Камісіі па справядлівым гандлі Японіі Садаакі Сувазона. Паводле яго слоў, яго краіна ўжо больш за дзесяць гадоў практыкуе паралельны імпарт. Гэта садзейнічае канкурэнцыі на таварных рынках і барацьбе з манапалізацыяй у краіне.

Па выніках канферэнцыі была прынята рэзалюцыя, у якой удзельнікі падтрымалі пераход Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) у 2015 годзе на міжнародны прынцып вычарпання правоў на ўсіх таварных рынках, за выключэннем рынкаў з лакалізаванай вытворчасцю. Таксама прысутныя падтрымалі поўную адмову ад абмежавання паралельнага імпарту ў ЕАЭС у 2018-2020 гг.