Кіраўнікі ўрадаў краін Еўразійскага
эканамічнага саюза на пасяджэнні Міжурадсавета, якое прайшло 4 снежня ў фармаце
відэаканферэнцыі, разгледзелі 9 пытанняў.
У пасяджэнні прынялі ўдзел Старшыня ЕМУС,
Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка, Прэм'ер-міністр
Рэспублікі Арменія Нікол Пашынян, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Казахстан Аскар
Мамін, выконваючы абавязкі Прэм'ер-міністра, першы віцэ-прэм'ер-міністр
Кыргызскай Рэспублікі Арцём Новікаў, Старшыня Ўрада Расійскай Федэрацыі Міхаіл
Мішусцін, Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч, а
таксама Прэм'ер-міністр Рэспублікі Малдова Іён Кіку.
Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай
камісіі Міхаіл Мясніковіч далажыў аб дапрацоўцы праекта Стратэгічных напрамкаў
развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года.
Міжурадсавет зацвердзіў пералік выключэнняў і
абмежаванняў на ўнутраным рынку Саюза, якія падлягаюць ліквідацыі ў 2021-2022
гадах. У спісе 12 пазіцый, у тым ліку 1 выключэнне і 11 абмежаванняў.
Кіраўнікі
ўрадаў даручылі Камісіі і дзяржавам-членам працягнуць працу над праектам
змяненняў у тэхрэгламент «Аб бяспецы харчовай прадукцыі». Змяненні неабходны
для ўрэгулявання праблемы рознай інтэрпрэтацыі вынікаў кантролю рэшткаў утрымання
ветэрынарных лекавых сродкаў у харчовай прадукцыі жывёльнага паходжання, у тым
ліку перапрацаванай.
Акрамя таго, быў зацверджаны план
мерапрыемстваў, неабходных для забеспячэння функцыянавання адзінага рынку
паслуг у сферы будаўніцтва ў ЕАЭС. Дакумент прадугледжвае распрацоўку і заключэнне
міжнароднага дагавора ў рамках ЕАЭС аб узаемным прызнанні прафесійнай
кваліфікацыі кіруючага тэхнічнага персаналу ў сферы будаўніцтва ў 2022 годзе.
Камісія
далажыла Міжурадсавету аб зацвярджэнні Правіл вызначэння краіны паходжання
асобных тавараў для мэт дзяржаўных закупак. Правіламі прадугледжваецца вядзенне
Камісіяй еўразійскага рэестра прамысловых тавараў дзяржаў-членаў
ЕАЭС. Мэта дакумента – забяспечыць роўны доступ да дзяржзакупак у ЕАЭС
пастаўшчыкоў з усіх краін Саюза.
Разгледжана
пытанне абмежавання на перамяшчэнне лому і адходаў чорных і каляровых металаў з
тэрыторыі Казахстана чыгуначным транспартам у іншыя краіны ЕАЭС. Камісіі
даручана прапрацаваць пытанне дадаткова і далажыць аб выніках на наступным
пасяджэнні ЕМУС.
Таксама
кіраўнікі ўрадаў разгледзелі пытанне аб прадстаўленні Вышэйшаму Еўразійскаму
эканамічнаму савету кандыдатуры члена Савета Камісіі ад Кыргызскай Рэспублікі.
Наступнае
пасяджэнне Міжурадсавета адбудзецца ў першым квартале 2021 года ў Алматы.