Вход
У ЕАЭС удасканальваюцца падыходы да распрацоўкі і карэкціроўкі тэхнічных рэгламентаў

У ЕАЭС удасканальваюцца падыходы да распрацоўкі і карэкціроўкі тэхнічных рэгламентаў

04.12.2019

Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) правяла маніторынг выканання у 2018 годзе і першай палове бягучага года зацверджанага Саветам Камісіі плана распрацоўкі тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і ўнясення ў іх змяненняў.

«Вынікі маніторынгу паказалі неабходнасць інтэнсіфікацыі працы краін ЕАЭС у гэтай сферы і ўзмацнення кантролю за дадзеным працэсам, як на нацыянальным, так і на міждзяржаўным узроўнях», – заявіў член Калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Віктар Назаранка, каментуючы вынікі пасяджэння лістападаўскага Савета Камісіі. Нагадаем, што тады была разгледжана падрыхтаваная спецыялістамі ЕЭК адпаведная справаздача на аснове інфармацыі ўпаўнаважаных органаў краін Саюза і матэрыялаў пасяджэнняў Кансультатыўнага камітэта па тэхнічным рэгуляванні, прымяненні санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер пры Калегіі ЕЭК.

Міністр ЕЭК падкрэсліў, што «па 41 з 66 пазіцый, уключаных у Адзіны пералік прадукцыі, у дачыненні да якой усталёўваюцца абавязковыя патрабаванні ў рамках Саюза, прыняты 48 тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС, а па 13 пазіцыях – распрацоўваюцца».

Прыняцце кожнага з іх – гэта, па сутнасці, рэальны крок да стварэння паўнавартаснага агульнага рынку пяці краін Саюза з адзінымі патрабаваннямі бяспекі да такіх відаў тавараў, як аўтамабілі і цягнікі, нафта і газ, пітная вада і алкаголь, мяса і малако, рыба і хімічныя тавары, цацкі і атракцыёны, вырабы легпрама і многае іншае. Новыя тэхрэгламенты ЕАЭС усталююць нормы бяспекі, у прыватнасці, да трамваяў і рухомага саставу метрапалітэна, мяса птушкі і прадукцыі яе перапрацоўкі, кармоў і кармавых дадаткаў.

Але, адзначаючы вялікі аб'ём працы, праведзенай спецыялістамі краін Саюза і ЕЭК у гэтай сферы, Віктар Назаранка вылучыў некалькі праблемных момантаў. Ён, напрыклад, звярнуў увагу, што практычна па ўсіх праектах тэхрэгламентаў і змяненняў да іх, якія распрацоўваюцца зараз, тэрміны іх падрыхтоўкі сарваны на два гады і больш. Сярод асноўных прычын міністр ЕЭК назваў адсутнасць на нацыянальным узроўні эфектыўнай арганізацыі планавання гэтага працэсу, у тым ліку шляхам прыцягнення да разгляду праектаў усіх зацікаўленых органаў дзяржаўнай улады і суб'ектаў гаспадарання. Пры наяўнасці міжведамасных рознагалоссяў няма дзейснага механізму выпрацоўкі адзінай пазіцыі краіны-члена ЕАЭС. Асобныя нацыянальныя ведамствы наогул не зацікаўлены ўсталёўваць і ўдасканальваць адзіныя саюзныя абавязковыя патрабаванні, бо іх прыняцце не дазволіць ім рэгуляваць рынак за кошт ведамасных нацыянальных дакументаў. У ліку праблем – несвоечасовасць падрыхтоўкі першых рэдакцый праектаў дакументаў, працяглая іх дапрацоўка па выніках публічнага абмеркавання і зацягванне працэдур унутрыдзяржаўнага ўзгаднення.

«Удасканаленне працэсаў распрацоўкі тэхнічных рэгламентаў і іх карэкціроўкі дазволіць паскорыць фарміраванне адзінай базы абавязковых патрабаванняў да прадукцыі ў рамках Саюза, – заявіў Віктар Назаранка. – Стварэнне на нацыянальным узроўні рэальных механізмаў прыцягнення да разгляду праектаў усіх зацікаўленых удзельнікаў і выпрацоўкі адзінай пазіцыі дзяржавы пры міжведамасных рознагалоссях дапаможа выключыць у гэтым працэсе шматразовыя, часта дубліруючыя ўзгадненні».

Па выніках справаздачы на ​​аснове прапаноў Калегіі ЕЭК Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі зацвердзіў меры па ўдасканаленні падыходаў да распрацоўкі і карэкціроўкі тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС. Гэтыя меры дапамогуць ліквідаваць названыя вышэй і шэраг іншых праблемных пытанняў. У прыватнасці, краінам Саюза рэкамендавана правесці дэталёвы аналіз прычын зрыву тэрмінаў выканання плана распрацоўкі тэхрэгламентаў Саюза і ўнясення ў іх змяненняў, унесці ў ЕЭК абгрунтаваныя прапановы па яго карэкціроўцы, у тым ліку ўсталяваных у ім тэрмінаў, вызначыць упаўнаважаныя дзяржаўныя органы, адказныя пры ўзнікненні міжведамасных рознагалоссяў за фарміраванне адзінай пазіцыі краіны, забяспечыць прадстаўленне ў Камісію праектаў дакументаў, указаных у плане, тэрмін якіх скончыўся.

У адпаведнасці з прынятым Саветам ЕЭК распараджэннем Калегія Камісіі сумесна з дзяржавамі ЕАЭС павінна таксама адкарэкціраваць акты па распрацоўцы, прыняцці, змяненні і адмене тэхнічных рэгламентаў.

Даведка

План распрацоўкі тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза і ўнясення змяненняў у тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза зацверджаны Рашэннем Савета ЕЭК ад 1 кастрычнiка 2014 года № 79. Парадак распрацоўкі, прыняцця, змянення і адмены тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза зацверджаны Рашэннем Савета ЕЭК ад 20 чэрвеня 2012 года № 48.​