Вход
Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян: «Усталяванне дыялогу паміж ЕС і ЕАЭС дасць дадатковы імпульс іх эканамічнаму развіццю»

Міністр ЕЭК Карынэ Мінасян: «Усталяванне дыялогу паміж ЕС і ЕАЭС дасць дадатковы імпульс іх эканамічнаму развіццю»

03.11.2015

2 лістапада ў Берліне член Калегіі (міністр) Еўразійскай эканамічнай камісіі Карынэ Мінасян, выступаючы на пленарным пасяджэнні эканамічнага бізнес-форуму «Дзень эканомікі ва Усходняй Еўропе» і на сесіі «Еўразійскі эканамічны саюз», расказала пра сутнасць і перспектывы Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), адзначыўшы неабходнасць усталявання дыялогу паміж ЕАЭС і ЕС.


Бізнес-форум праходзіць штогод па ініцыятыве Усходне-Еўрапейскага аб'яднання германскай эканомікі. У мерапрыемстве традыцыйна бяруць удзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і буйнога бізнесу з Германіі, Усходняй Еўропы і краін-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства».


У сваім выступе Карынэ Мінасян падкрэсліла, што асноўныя мэты ЕАЭС – паўнавартаснае забеспячэнне чатырох свабодаў: перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, без выключэнняў і абмежаванняў, плюс мадэрнізацыя эканомік краін Саюза праз правядзенне дзяржавамі-членамі скаардынаваных, узгодненых або адзіных палітык у розных галінах эканомікі, а таксама стварэнне адзінай інфраструктуры. «Саюз пачаў функцыянаваць не ў самай спрыяльнай сітуацыі, – сказала міністр ЕЭК.  Але, нягледзячы на часовыя цяжкасці, усе разумеюць, што менавіта ў паглыбленні інтэграцыі сканцэнтраваны істотны рэзерв, у тым ліку для змякчэння знешніх шокаў».


Карынэ Мінасян адзначыла адзін з асноватворных прынцыпаў Саюза – роўнасць яго членаў. Ва ўсіх органах кіравання забяспечаны прынцып роўнапрадстаўленасці незалежна ад эканамічнай моцы, тэрыторыі і колькасці насельніцтва. Па найважнейшых і вострых пытаннях рашэнні прымаюцца кансэнсусам, галасы размеркаваны паміж краінамі на аснове роўнасці.


Асобна міністр ЕЭК спынілася на неабходнасці супрацоўніцтва Еўрапейскага і Еўразійскага эканамічнага саюзаў. 70% усіх назапашаных прамых замежных інвестыцый у ЕАЭС складаюць інвестыцыі з Еўропы, і 65% інвестыцый дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза – гэта інвестыцыі ў краіны Еўрапейскага саюза. На ЕС прыпадае больш за 50% усяго тавараабарачэння ЕАЭС.


«На жаль, у апошні час мы фіксуем зніжэнне аб'ёмаў узаемнага гандлю, – канстатавала Карынэ Мінасян. Толькі за сем месяцаў 2015 года зніжэнне складае каля 100 млрд еўра, гэта значыць каля 38% тавараабарачэння. За гэтым ідзе змяненне структуры і страта існых эканамічных і гандлёвых сувязяў. І ўсё гэта адбываецца ў перыяд, калі і Еўропа, і Еўразія перажываюць няпростыя часы. Цяпер, як ніколі, нашы аб'яднанні маюць патрэбу ў дадатковых стымулах эканамічнага развіцця. Мы прапанавалі формулу, зразумелую для ўсіх: «інтэграцыя інтэграцый». Падрыхтаваны і накіраваны ў Брусель дакумент, у адпаведнасці з якім прапануецца пачаць экспертны дыялог высокага ўзроўню для выпрацоўкі дзейсных механізмаў узаемадзеяння паміж Еўрапейскім і Еўразійскім эканамічным саюзамі. Відавочна, што для збліжэння ёсць усе неабходныя ўмовы».