Вход
Узаемадзеянне ЕЭК і інданезійскага ўрада дазволіць нарасціць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва краін ЕАЭС і Інданезіі

Узаемадзеянне ЕЭК і інданезійскага ўрада дазволіць нарасціць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва краін ЕАЭС і Інданезіі

02.08.2019
Гандлёва-эканамічныя адносіны краін ЕАЭС і Інданезіі развіваюцца вельмі дынамічна. Сёння Інданезія для Еўразійскага эканамічнага саюза – гэта чацвёрты па велічыні тавараабароту гандлёвы партнёр сярод краін АСЕАН. За апошнія тры гады ўзаемны тавараабарот вырас на 35% (да 3 млрд дол.), экспарт ЕАЭС – на 76% (да 1,1 млрд дол.), імпарт – на 18% (да 1,9 млрд дол.). Аб гэтым заявіў дырэктар Дэпартамента развіцця інтэграцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Шухно на бізнес-форуме «На шляху да стратэгічнага партнёрства Інданезіі і Расіі: актывізацыя плённага супрацоўніцтва ў турызме, гандлі і інвестыцыях».

У рамках работы форуму, акрамя традыцыйных для Расіі і Інданезіі тэм супрацоўніцтва – узаемадзеяння ў галіне развіцця інфраструктуры, энергетыкі і турызму, адбылося абмеркаванне механізмаў і інструментаў супрацоўніцтва ЕАЭС і Інданезіі ва ўмовах новых эканамічных рэалій.

Шмат у чым пазітыўнай дынаміцы развіцця гандлёва-эканамічных адносін ЕАЭС і Інданезіі спрыялі як традыцыйная ўзаемная зацікаўленасць, так і высокая інтэнсіўнасць кантактаў, растлумачыў прадстаўнік ЕЭК. Інданезія на ўрадавым узроўні выказала зацікаўленасць у паглыбленні гандлёва-эканамічных сувязяў з дзяржавамі ЕАЭС. «Са свайго боку мы прапанавалі заключыць рамачны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ЕЭК і ўрадам Рэспублікі Інданезія, праект якога ўжо ўхвалены Калегіяй ЕЭК», - адзначыў Сяргей Шухно.

Дырэктар Дэпартамента развіцця інтэграцыі ЕЭК праінфармаваў удзельнікаў форуму, што пасля стварэння сумеснай рабочай групы па ўзаемадзеянні ў далейшых планах Камісіі і інданезійскага ўрада – сфакусіравацца на такіх пытаннях, як рэгіянальная эканамічная інтэграцыя, гандлёвая палітыка, тэхнічнае рэгуляванне, прымяненне санітарных і фітасанітарных мер, спрашчэнне працэдур гандлю, транспарт, энергетыка, фінансавыя рынкі, і іншых, а таксама паглыбіць бізнес-накіраванасць работы ЕАЭС і Інданезіі, распрацаваўшы праграму супрацоўніцтва на бліжэйшыя некалькі гадоў, і правесці бізнес-форум «ЕАЭС - Інданезія».

Пасля падпісання мемарандума Інданезія стане пятай дзяржавай у АСЕАН, з якой ЕЭК фармалізуе супрацоўніцтва – нароўні з В'етнамам, Сінгапурам, Камбоджай і Тайландам. У лістападзе 2018 года адпаведны мемарандум быў таксама заключаны паміж ЕЭК і АСЕАН як рэгіянальным інтэграцыйным аб'яднаннем.

У бізнес-форуме прынялі ўдзел намеснік міністра прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі Аляксей Груздзеў, прэзідэнт Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Шохін, упаўнаважаны пры Прэзідэнце Расіі па правах прадпрымальнікаў Барыс Цітоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Інданезія ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь Вахід Супрыадзі, кіраўнік Агенцтва крэатыўнай эканомікі Рэспублікі Інданезія Трыаван Мунаф, намеснік міністра турызму Рэспублікі Інданезія Ніа Ніская, губернатары інданезійскіх правінцый Джог’якарта і Цэнтральная Ява і іншыя.