Вход
Еўразійская эканамічная камісія прадставіла вынікі працы за 2014 год і планы на 2015 год

Еўразійская эканамічная камісія прадставіла вынікі працы за 2014 год і планы на 2015 год

asf
02.06.2015

Еўразійская эканамічная камісія апублікавала Гадавую справаздачу аб сваёй дзейнасці ў 2014 годзе і планах на 2015 год.


“Ключавы вынік дзейнасці Камісіі – падпісанне Прэзідэнтамі Беларусі, Казахстана і Расіі ў маі 2014 года Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), да якога потым далучыліся яшчэ дзве краіны – Арменія і Кыргызстан”,– адзначыў Старшыня Калегіі ЕЭК Віктар Хрысценка.


Па словах Віктара Хрысценкі, ЕАЭС – абсалютна асаблівае рэгіянальнае аб'яднанне. Яго галоўная асаблівасць – велізарны эканамічны і рэсурсны патэнцыял краін-удзельніц. “Саюз, які з'яўляецца гарманічнай часткай сусветнай эканамічнай архітэктуры, скіраваны як на ўнутраныя эфектыўныя пераўтварэнні, так і на выбудоўванне канструктыўнага дыялогу з трэцімі краінамі, інтэграцыйнымі аб'яднаннямі і міжнароднымі арганізацыямі”, – падкрэсліў Віктар Хрысценка.


На цяперашні час да стварэння зон свабоднага гандлю (ЗСГ) з ЕАЭС праявілі цікавасць каля 40 краін. Так, 29 мая 2015 года кіраўнікамі Урадаў краін ЕАЭС падпісана Пагадненне аб свабодным гандлі з В'етнамам. Стварэнне ЗСГ дасць магчымасць не толькі істотна павялічыць гандлёвыя патокі. Пагадненне важна яшчэ і тым, што па ахопе і глыбіні абавязацельстваў яно стварае для краін ЕАЭС новы стандарт якасці гандлёвых дагавораў. Таксама цікавасць да стварэння ЗСГ з ЕАЭС праявілі такія краіны, як Ізраіль, Егіпет, Індыя і інш.


Асноўны блок работы Камісіі ў 2014 годзе, як адзначана ў гадавой справаздачы, заключаўся, у першую чаргу, ва ўзгадненні пазіцый дзяржаў Саюза адносна развіцця канкрэтных галін эканомікі ў межах еўразійскага інтэграцыйнага аб'яднання.


Саюзныя краіны сумесна з ЕЭК актыўна рухаліся да вызначаных мэт – стварэння адзінага рынку на базе чатырох “свабод”: перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы. Важнымі крокамі наперад сталі дамоўленасці аб фармаванні ўзгодненых палітык у ключавых сектарах эканомікі, такіх, як сфера паслуг, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт, энэргетыка і мытнае рэгуляванне.


Вельмі плённым мінулы год стаў у плане пашырэння інтэграцыі – у кастрычніку 2014 года была падпісаны дагавор аб далучэнні з 2 студзеня 2015 года да Саюза Рэспублікі Арменія, у снежні 2014 года – аб далучэнні Кыргызстана.У бліжэйшы час усе дакументы аб ўваходжанні Кыргызстана ў ЕАЭС павінны быць ратыфікаваныя краінамі-ўдзельніцамі. Гадавая справаздача дае ўяўленне аб тым, якая работа была праведзена для далучэння да інтэграцыйнага аб'яднання новых членаў.


Таксама са зборніка можна даведацца аб выніках работы па ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў, якія перашкаджалі ўзаемнаму гандлю.


У сваёй справаздачы Камісія пастаралася максімальна дэталёва адлюстраваць тыя задачы, якія былі вырашаны для выраўноўвання канкурэнтных умоў на рынку ЕАЭС, падтрымкі вытворцаў краін Саюза, развіцця гандлёвых рэжымаў з ключавымі партнёрамі і пашырэння доступу на рынкі трэціх краін, фармавання адзінага рынку паслуг і інвестыцый, развіцця прадпрымальніцтва, фармавання агульнага рынку працы, а таксама праінфармаваць аб тым, якія тэхнічныя рэгламенты былі прынятыя, увайшлі ў сілу або знаходзяцца ў распрацоўцы, аб прамысловых субсідыях і зменах у валютнай палітыцы і г.д.


У прыватнасці, за апошні год былі распрацаваны асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі і напрамкаў эканамічнага развіцця дзяржаў-членаў, якія павінны забяспечыць умовы для макраэканамічнай стабільнасці і аднаўлення эканамічнага росту.


У 2014 годзе Камісія пачала работу па фармаванні Мытнага кодэкса ЕАЭС, які будзе ўлічваць усе новыя рэаліі, у тым ліку пераход на электронны дакументаабарот, дазволіць скараціць час і колькасць неабходных дакументаў для мытнага афармлення.


У ліку важнейшых вынікаў года – прыняцце дзяржавамі-членамі ЕАЭС рашэння аб стварэнні агульных рынкаў лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, якія павінны пачаць працаваць з 1 студзеня 2016 года.

Істотна ўдалося прасунуцца ў адным з найбольш важных напрамкаў дзейнасці ЕЭК – фармаванні агульнага рынку працы. Камісіяй дапрацаваны і ўзгоднены з Бакамі адпаведны раздзел Дагавора аб ЕАЭС і дадатак да яго. З моманту ўваходжання дакумента ў сілу працадаўца прызнае дакументы аб адукацыі працоўных без правядзення якіх-небудзь дадатковых працэдур. Працоўныя дзяржаў-членаў атрымалі магчымасць працаваць па грамадзянска-прававым дагаворы, а таксама карыстацца бясплатнымі медыцынскімі паслугамі і паслугамі сацыяльнага страхавання. Акрамя таго, зараз ідзе работа над Дагаворам аб супрацоўніцтве ў галіне пенсійнага забеспячэння. Ён закліканы вырашыць пытанне з экспартам пенсій і залікам працоўнага стажу, назапашанага ў іншай краіне-удзельніцы Саюза.

Дагавор аб ЕАЭС таксама прадугледжвае стварэнне адзінага рынку паслуг, лібералізацыя якіх будзе праходзіць паэтапна. З 1 студзеня 2015 года ўжо ўведзены ў дзеянне спіс з 43 сектараў паслуг, які складае адзіны рынак.


У мэтах садзейнічання справядлівай канкурэнцыі Камісія працягвае работу па ўжыванні абгрунтаваных і адэкватных мер абароны ўнутранага рынку і барацьбе з антыканкурэнтнымі практыкамі гандлёвых партнёраў з трэціх краін. У мінулым годзе было адкрыта сем антыдэмпінгавых расследаванняў, а таксама распачата работа над стварэннем сістэмы маркіроўкі прадукцыі лёгкай прамысловасці, якая дазволіла б весці эфектыўны кантроль абарачэння такіх тавараў і легальнасці іх увозу або вытворчасці на тэрыторыі ЕАЭС.


У сферы энэргетыкі ў 2014 годзе была распрацавана Канцэпцыя фармавання агульнага электраэнэргетычнага рынку ЕАЭС, які паўнавартасна запрацуе ў 2019 годзе. Гэтая мера будзе спрыяць устойліваму развіццю нацыянальных эканомік, забеспячэнню энэргетычнай бяспекі і павышэнню канкурэнтаздольнасці краін-удзельніц.


“Еўразійская эканамічная камісія, пры стварэнні ва ўзаемадзеянні з дзяржавамі-членамі Саюза ўмовы для падпісання Дагавора аб ЕАЭС, нацэлена ў поўнай меры ўвасобіць яго артыкулы ў рэальнасць, – падкрэсліў Віктар Хрысценка. – Мы працягваем паслядоўна рэалізоўваць задачы, накіраваныя на стварэнне ўмоў для стабільнага развіцця эканомік дзяржаў-членаў у інтарэсах павышэння жыццёвага ўзроўню іх насельніцтва”.


Даведка:


Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК), пастаянна дзеючы наднацыянальны рэгулявальны орган Еўразійскага эканамічнага саюза, пачала работу 2 лютага 2012 года. У цяперашні час у ЕЭК уваходзяць прадстаўнікі чатырох краін: Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі. Рашэнні Камісіі абавязковыя для выканання на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц ЕАЭС.


29 мая 2014 года Беларусь, Казахстан і Расія падпісалі Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), да якога пазней далучыліся Арменія і Кыргызстан. У межах Саюза забяспечваецца свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, правядзенне скаардынаванай, узгодненай або адзінай палітыкі ў розных галінах эканомікі. Мэта ЕАЭС – забеспячэнне ўмоў для стабільнага развіцця эканомік дзяржаў-членаў у інтарэсах павышэння жыццёвага ўзроўню іх насельніцтва, усебаковая мадэрнізацыя, кааперацыя і павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік ва ўмовах глабальнай эканомікі. ЕАЭС створаны на базе Мытнага саюза (МС) і Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).


Мытны саюз (МС) запрацаваў у поўным аб'ёме з 1 ліпеня 2011 года. Ён, у першую чаргу, забяспечыў свабоду руху тавараў. Пры гэтым на тэрыторыі трох краін (Беларусі, Казахстана і Расіі) прымяняюцца нормы адзінага Мытнага кодэкса, дзейнічае Адзіны мытны тарыф, сістэма ахоўных мер унутранага рынку, адзінае прававое поле ў галіне тэхнічнага рэгулявання.

Наступны крок пасля стварэння МС – разгортванне Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) з 1 студзеня 2012 года. Асновай работы на гэтым этапе стаў пакет з 17 базавых Пагадненняў, якія пашыраюць сферу ўзаемадзеяння трох краін у рамках інтэграцыйнага праекта, у тым ліку па пытаннях свабоды руху паслуг, капіталу і працоўнай сілы. Пачалося фармаванне ўзгодненых палітык у найважнейшых сферах эканомікі.


Паглыбляючы інтэграцыю мы падышлі да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС )з 1 студзеня 2015 года. На гэтым этапе завяршаецца фармаванне адзінага рынку тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, дабудоўваюцца адзіныя правілы і працэдуры, фармуецца поле ўзгодненых палітык краін-членаў, а Еўразійскі эканамічны саюз надзяляецца міжнароднай правасуб'ектнасцю.