Вход
Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС на пасяджэнні ВЕЭС падвялі вынікі і абазначылі перспектывы развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза

Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС на пасяджэнні ВЕЭС падвялі вынікі і абазначылі перспектывы развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза

01.06.2016

31 мая ў Астане адбылося пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ВЕЭС), у працы якога прынялі ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Арменія Серж Саргсян, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў, Прэзідэнт Кыргызскай Рэспублікі Алмазбек Атамбаеў, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін і Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісян.

Падчас мерапрыемства Кіраўнікі краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні і перспектывы развіцця Саюза.

Адкрываючы пасяджэнне, Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў павіншаваў усіх з другой гадавінай падпісання Дагавора аб ЕАЭС. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, «нягледзячы на невялікі тэрмін існавання і эканамічныя складанасці, якія мы адчуваем у пачатку нашага шляху, сёння ўжо з упэўненасцю можна заявіць аб тым, што ЕАЭС адбыўся як паўнавартаснае інтэграцыйнае аб'яднанне. Цяпер збліжэнне нашых эканомік праходзіць у адпаведнасці з тымі планамі і тэрмінамі, якія мы намецілі ў Дагаворы аб ЕАЭС». Нурсултан Назарбаеў выказаў упэўненасць, што рэалізацыя пастаўленых задач і прынцыпаў дзейнасці Саюза паслужыць магутным імпульсам для эканомік дзяржаў-членаў.

У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы адзначыў рост цікавасці да эканамічнага аб'яднання па ўсім свеце. Разглядаюцца магчымасці наладжвання гандлёва-эканамічных сувязяў ЕАЭС з інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, такімі як ЕС, ШАС, АСЕАН і іншыя. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што на яго прапанову як старшыні ВЕЭС 2016 год быў абвешчаны «годам паглыблення эканамічных адносін ЕАЭС з трэцімі краінамі і ключавымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі». «ЕАЭС мы бачым адчыненай суполкай, арганічна інтэграванай у сусветную эканамічную сістэму, які служыць надзейным мастом паміж Еўропай і Азіяй»,заявіў Нурсултан Назарбаеў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аб'яднаны рынак Саюза абавязаны стаць злучным звяном паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем.

На думку Прэзідэнта Казахстана, свабоднае перамяшчэнне тавараў і паслуг у рамках Саюза адпавядае ініцыятыве «Эканамічны пояс Шаўковага шляху», высунутай кітайскім кіраўніцтвам.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што негатыўныя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы,  з'яўляюцца выпрабаваннем для ўсіх і патрабуюць больш зладжанай працы на пляцоўцы ЕАЭС. «Нам варта шукаць магчымасці, як у гэтых цяжкіх умовах, калі мы адчуваем рэзкі спад ўзаемнага гандлю, знаходзіць іншыя шляхі ўзаемадзеяння», – сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Прэзідэнт Казахстана запэўніў, што з улікам старшынства краіны ў ЕАЭС у гэтым годзе будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб інтэграцыйнае аб'яднанне і далей развівалася паспяхова і дынамічна.

Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян падкрэсліў, што эканамічная інтэграцыя патрабуе павелічэння ўзроўню каардынацыі падыходаў на макраэканамічным узроўні. «У сувязі з гэтым надаём важнае значэнне паслядоўнай рэалізацыі асноўных арыенціраў макраэканамічнай палітыкі дзяржаў-членаў ЕАЭС на 2016-2017 гады і выпрацоўцы далейшых дзейсных механізмаў па спалучэнні нашага эканамічнага патэнцыялу. Гэта паспрыяе павышэнню ўстойлівасці эканомік нашых краін і пераадоленню наступстваў наяўнай негатыўнай эканамічнай сітуацыі. Мы павінны зрабіць усё, каб на агульным фоне павышэння долі рэгіянальных структур у сусветнай палітыцы і эканоміцы наша інтэграцыя стала прывабнай мадэллю эканамічнага партнёрства, адкрытай для шырокага супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі бакамі», – заявіў Серж Саргсян.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на цяжкасцях у рэалізацыі задач, пастаўленых у мэтах развіцця ЕАЭС. «Два гады таму мы падпісалі Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. За гэты час былі прынятыя найсур'ёзнейшыя канцэптуальныя рашэнні: закладзены асновы лібералізацыі транспартных паслуг, фармавання адзінага рынку электраэнэргіі, экспартнай палітыкі. На жаль, не ўсё развіваецца так, як мы планавалі. Праблемы яшчэ застаюцца, самыя вострыя з іх мы сёння абмеркавалі. Перш за ўсё, неабходна перавесці тэарэтычныя напрацоўкі ў практычную плоскасць»,падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць ліквідацыі ўнутраных выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, выканання ініцыятывы аб выпрацоўцы механізму функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў-членаў аднабаковых мер абароны рынку ў дачыненні да трэціх краін. Акрамя таго, была адзначана важнасць рэалізацыі задач у прамысловым супрацоўніцтве, энэргетычнай сферы, па стварэнні адзінага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў.

Прэзідэнт Кыргызскай Рэспублікі Алмазбек Атамбаеў заклікаў кіраўнікоў дзяржаў-членаў накіраваць усе намаганні на ліквідацыю бар'ераў, якія перашкаджаюць дасягненню асноўных мэтаў і задач інтэграцыйнага працэсу. Ён адзначыў велізарны патэнцыял Саюза. «Безумоўна, ужо ёсць пэўныя вынікі і поспехі. Ёсць і промахі, і праблемы, якія ствараюцца штучна. Мы павінны дакладна для сябе ўсвядоміць, што ў нашых народаў няма іншай альтэрнатывы. Мы адказныя за будучыню Еўразійскага эканамічнага саюза, за будучыню нашых краін. Патрэбны праца і цярпенне, мудрасць і супрацоўніцтва нашых народаў і кіраўнікоў дзяржаў, а таксама ўсіх міністэрстваў і ведамстваў. Я веру ў будучыню ЕАЭС»,сказаў Алмазбек Атамбаеў.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін высока ацаніў праведзеную работу ў рамках ЕАЭС. «За паўтара гады работы Еўразійскага эканамічнага саюза нам сапраўды шмат што ўдалося зрабіць у прасоўванні гэтага маштабнага інтэграцыйнага праекта, галоўнае – з поўнай упэўненасцю можна канстатаваць, што Саюз адбыўся як сучасная міжнародная арганізацыя, нацэленая на рашэнне канкрэтных задач эканамічнага развіцця нашых краін», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта РФ, «па шэрагу накірункаў работу неабходна працягваць і далей у такім жа актыўным тэмпе. Гэта датычыцца, у прыватнасці, падрыхтоўкі новага Мытнага кодэкса і Пагаднення аб парадку заключэння Саюзам міжнародных дагавораў, гэта значыць далейшае прасоўванне інтэграцыі залежыць ад своечасовага прыняцця неабходных для нашага развіцця нарматыўных дакументаў».

Уладзімір Пуцін адзначыў, што для эфектыўнага функцыянавання інтэграцыйнага аб'яднання неабходна сістэмнае выбудоўванне адносін са знешнімі партнёрамі. «Мы падтрымліваем прапанову казахстанскага старшынства сканцэнтраваць намаганні на далейшым паглыбленні эканамічных сувязяў Саюза з іншымі краінамі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі». У прыватнасці, Прэзідэнт РФ павітаў ініцыятыву казахстанскага Бока па правядзенні міжнароднай канферэнцыі па наладжванні ўзаемадзеяння паміж Еўразійскім саюзам і ЕС. «Неабходна, каб Еўразійская эканамічная камісія актыўна падключылася да яе прапрацоўкі»,заключыў Прэзідэнт РФ.